Фото: МИД Литвы
Літоўскія дыпламаты былі гатовыя да перамоваў з беларускімі калегамі на палях пасяджэння Савета міністраў АБСЕ ў Вене 4 снежня, але беларускі бок адхіліў прапанову, заяўляе МЗС Літвы.
9 снежня ў літоўскі МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі ў Літве. Яму была ўручана нота пратэсту «у сувязі з працяглымі гібрыднымі атакамі з тэрыторыі Беларусі і прымусовым затрыманнем уласнасці грамадзян і кампаній Еўрапейскага саюза».
«Беларускі бок быў зноў настойліва закліканы забяспечыць эфектыўны кантроль сваёй паветранай прасторы і вярнуць незаконна затрыманую маёмасць, якая належыць грамадзянам і прадпрыемствам Еўрапейскага саюза», — паведамляе МЗС Літвы.
Літоўскі МЗС выказаў шкадаванне з прычыны таго, што Беларусь адмовілася ад перамоваў на тэхнічным узроўні. Літва была гатовая да перамоваў на палях пасяджэння Савета міністраў АБСЕ ў Вене, але Беларусь не задаволіў дыпламатычны ўзровень сустрэчы.
«МЗС выказаў шкадаванне, што беларускі бок не скарыстаўся магчымасцю на тэхнічным узроўні абмеркаваць пытанні, абмеркаванне якіх сама ж Беларусь не раз нібыта прапаноўвала як публічна, так і па дыпламатычных каналах. Да такой магчымасці Літва была гатовая 4 снежня на Савеце міністраў АБСЕ ў Вене, пасля таго як старшынствуючая ў АБСЕ Фінляндыя прапанавала сваю дапамогу ў якасці пасярэдніка.
На жаль, беларускі бок адхіліў гэта запрашэнне, заявіўшы, што яго не задавальняе прапанаваны Літвой дыпламатычны ўзровень сустрэчы — для вырашэння гэтага пытання МЗС Літвы прызначыў спецыяльнага пасланніка па пытаннях мяжы, які мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара па асаблівых даручэннях.
На сустрэчы было адзначана, што Літва па-ранейшаму гатовая да канструктыўнага дыялогу для вырашэння ўзніклых пытанняў, аднак адназначная адмова беларускага боку, нягледзячы на яго ўласныя першапачатковыя і наступныя заклікі, сведчыць пра простае нежаданне супрацоўнічаць у вырашэнні праблемных пытанняў і відавочны недахоп добрай волі», — заяўляе літоўскі МЗС.
МЗС Літвы нагадвае, што ў 2020 годзе Савет ЕС пералічыў умовы для аднаўлення палітычнага дыялогу, сектаральнага супрацоўніцтва і фінансавай падтрымкі Беларусі:
«МЗС выказвае надзею, што імкнучыся да кантактаў высокага ўзроўню, беларуская ўлада зробіць крокі для выканання вышэйзгаданых умоў», — гаворыцца ў заяве МЗС Літвы.
Нагадаем, беларускі МЗС заяўляў, што прапаноўваў літоўскаму Міністэрству замежных спраў правесці кансультацыі на палях міністэрскай сустрэчы АБСЕ, але «літоўскі бок на такі кантакт не пайшоў».
Беларусь настойліва прапануе Літве правесці палітычныя кансультацыі на ўзроўні МЗС з нагоды заблакаваных у Беларусі літоўскіх грузавікоў. Учора Аляксандр Лукашэнка чарговы раз патрабаваў ад Вільні пачаць перамовы без удзелу трэціх краін і выдаў свае патрабаванні: вяртанне прызначаных для Зімбабвэ пажарных машын, нармалізацыя працы санаторыя ў Друскінінкаі і вяртанне грошай за порт у Клайпедзе.