“Не трэба прыцягваць амерыканцаў, расіян або ўкраінцаў”. Лукашэнка патрабуе ад Літвы пачаць перамовы

Аляксандр Лукашэнка настойвае на правядзенні перамоваў паміж Беларуссю і Літвой. Пра гэта ён заявіў на сённяшнім пасяджэнні Савета бяспекі. Паводле яго слоў, літоўскім палітыкам не трэба абурацца, не трэба прыцягваць трэція бакі, а вырашаць усе пытанні ў рамках двухбаковага дыялогу.

Ён адзначыў, што ў Літве зараз “пачынаюць гвалтам крычаць” з нагоды аўтамабіляў, якія засталіся ў Беларусі пасля закрыцця мяжы Вільняй. Трэба адзначыць, што нягледзячы на адкрыццё мяжы літоўскім бокам з 20 лістапада, аўтамабілі літоўскіх перавозчыкаў так і не выехалі з Беларусі.

“Калі яны валяюцца на ўзбочыне дарогі, можа, у Літве гэта нармальна. У нас гэта непрымальна. Мы іх размясцілі на стаянках, ахоўваем, каб ніхто не ўлез у гэтыя аўтамабілі, каб груз захаваўся. Не трэба «на дурніцу» крычаць гвалтам і шумець. Не трэба прыцягваць амерыканцаў, расіян або ўкраінцаў. Гэты нумар не пройдзе. Гэта тэма ляжыць у плоскасці нашых перамоваў і нашых адносін”, — сказаў ён.

Лукашэнка выказаў упэўненасць, што здольны дамовіцца з народам Літвы.

“Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных адносін — садзіцеся за стол перамоваў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма”, — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што сёння намеснік міністра замежных спраў Ігар Секрэта паведаміў, што літоўскаму боку прапаноўваліся кансультацыі на ўзроўні намесніка кіраўніка МЗС на палях міністэрскай сустрэчы АБСЕ ў канцы мінулага тыдня. Аднак у Літве ад такога прапанавання адмовіліся. Сёння ўрад Літвы ўвёў рэжым НС з-за метэазондаў кантрабандыстаў, якія ляцяць з тэрыторыі Беларусі. Тым часам літоўскі бок таксама дамагаецца новых санкцый ЕС супраць Мінска ў адказ на метэазонды. Таксама прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што можа быць разгледжана пытанне канфіскацыі беларускіх актываў у Літве.

Лукашэнка таксама выказаўся пра праблему метэазондаў. Паводле яго меркавання, іх пралёты ўжо немагчымыя. Ён бачыць у дзеяннях Вільнюса правакацыю.

“За гэты час, як мне далажылі спецыялісты, пытанне прапрацавана сур’ёзна, аж да пілотаў грамадзянскай авіяцыі. І тое, што сёння нам выстаўляюць літоўцы, гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя шары туды заляталі, калі б яны нават ляталі, я размаўляў з лётчыкамі, яны кажуць: «Гэта ніякай праблемы не ўяўляе».

То-бок праблему пачынаюць нагнятаць, праблему пачынаюць палітызаваць.

Навошта? Узнікае пытанне. Няўжо паваяваць хочуць? Нам вайна не патрэбная. Упэўнены, што і літоўскаму народу таксама вайна не патрэбная, як палякам, латышам і эстонцам. Мы наваяваліся, хопіць ужо. Столькі людзей страцілі, яшчэ пакаленні жывыя, якія бачылі гэтую вайну. Нам вайна не патрэбная!”, — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што прыцягненне да працэсу ЗША не дапаможа літоўскаму боку.

“Яны абралі гэты шлях і думаюць, што прыедуць тут амерыканцы, на мяне націснуць (ці яшчэ нейкія еўрапейцы). Слухайце, мы цалкам перабудаваліся. І калі мы будзем шавяліцца, больш актыўна працаваць у эканоміцы, пачынаючы ад Віцебскай вобласці і заканчваючы Гомельскай вобласцю, у нас наогул не будзе праблем. Нас чакаюць ва многіх кутках планеты з нашымі тэхналогіямі, нашымі таварамі. Таму калі мы крыху якасць падцягнем (хоць нам ніхто не выстаўляе прэтэнзій па якасці, але ўсё роўна над якасцю трэба працаваць), нам канкурэнтаў не будзе”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!