Валентин Рыбаков. Фото: president.gov.by
Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў анансаваў сваю сустрэчу са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам. Ён прывязе яму пасланне ад Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта Рыбакоў заявіў пасля дакладу Лукашэнку.
“Літаральна некалькі дзён таму былі сфармуляваныя чарговыя пэўныя прапановы ЗША ў наш адрас. З гэтай інфармацыяй прэзідэнт азнаёміўся, даў адпаведныя даручэнні тым структурам, якія павінны займацца рэалізацыяй гэтых прапаноў”, – сказаў Рыбакоў.
Паводле яго слоў, праз некалькі дзён ён плануе вярнуцца ў Нью-Ёрк, дзе сустрэнецца з Коўлам.
“Пасланне прэзідэнта будзе яму перададзена. Будзем чакаць вынікаў”, – сказаў ён.
Рыбакоў таксама не выключыў новыя візіты Коўла ў Мінск.
“Мы абмяркоўваем пытанні, якія можам вырашыць у нашых двухбаковых адносінах, наступныя крокі, якія абодва бакі могуць і павінны зрабіць пасля яго папярэдняга візіту. Магчыма, гаворка пойдзе пра нейкія наступныя візіты. Я цяпер не буду агучваць канкрэтныя рэчы або даты”, – сказаў ён.
Гаворачы пра адносіны з амерыканскім бокам у цэлым, Рыбакоў падкрэсліў, што кантакты маюць устойлівы і рэгулярны характар.
“Нашы кантакты з амерыканскім бокам працягваюцца, маюць вельмі ўстойлівы і рэгулярны характар. Фактычна раз на тыдзень – дзесяць дзён у мяне праходзяць сустрэчы са спадаром Коўлам, асноўным перамоўшчыкам з амерыканскага боку, і іншымі прадстаўнікамі”, – сказаў ён.