Муж беларускі, арыштаванай ва Украіне за шпіянаж «праз ложак», з 2022 года ваяваў ва УСУ. Ён лічыць яе невінаватай
Рэдакцыя Reform.news · 9 лістапада 2026, 10:00
https://reform.news/be/muzh-belaruski-aryshtavanaj-va-ukraine-za-shpijanazh-praz-lozhak-z-2022-goda-vajava-va-usu-jon-lichyc-jae-nevinavataj/У студзені 2026 года СБУ затрымала ў Кіеве беларускую журналістку Іну Кардаш. За абвінавачанне ў шпіянажы на карысць КДБ ёй пагражае да 15 гадоў, віну яна не прызнае. На схаванай здымцы Кардаш угаворвае на «супрацоўніцтва» мужчыну, твару якога не відаць. Украінскі тэлеканал ТСН са спасылкай на спецслужбы Украіны расказваў, што гэта «камандзір баявога падраздзялення», для вярбоўкі якога Кардаш «выкарыстоўвала секс», а ў перапісцы са сваім куратарам з КДБ называла яго «мой лох». Насамрэч мужчына на відэа — яе муж, яго завуць Сяргей А. (прозвішча не публікуецца па яго просьбе). Ён беларус, у складзе інтэрнацыянальнага легіёна ваяваў за Украіну, называе матэрыял ТСН трызненнем, упэўнены, што жонка невінаватая, і хоча прыцягнуць увагу да пагаршэння яе здароўя пад вартай.
Сяргей сядзіць у пакоі з чарнавым аздабленнем і паказвае пасведчанне аб шлюбе (копія ёсць у распараджэнні Reform.news). Заломы на паперы відаць на відэа лепш за літары і пячаткі: дакумент быў скамечаны ў камяк, потым акуратна распраўлены і ўкладзены ў файл. «Насіў з сабой на накіраванне, а потым… карацей, гэта выпадковасць», – адказвае ён, са смехам адмаўляючы здагадку, што скамячыў пасведчанне ў парыве эмоцый.
Што пра яго казалі і што ён кажа пра сябе
Рэдакцыя Reform.news пры дапамозе ініцыятывы BelPol высветліла, што Сяргей ёсць у базе «Беспорядки» (база беларускіх сілавікоў, у якую ўключаны ўдзельнікі пратэстаў). Сам ён расказвае, што выходзіў на пратэсты 2020 года ў родным Кобрыне, некалькі разоў быў затрыманы, але абышлося штрафамі і суткамі. Пры гэтым у яго ёсць профіль на сайце luka.zone, дзе сказана, што ён нібыта хадзіў на маршы «ціхаром». Запіс, на яго думку, пакінулі сілавікі — «гэта рабочая схема», пасля яго «ад мяне цураліся».
Мужчына расказвае, што ў 2022 годзе ён з’ехаў з Кобрына ва Украіну, каб ваяваць за яе незалежнасць у беларускім фарміраванні, потым перавёўся ў іншае падраздзяленне замежнага легіёна.
У паведамленнях СБУ муж Кардаш не згадваўся, УНІАН пісаў пра «байца Інтэрнацыянальнага легіёна», а ТСН назвала Сяргея камандзірам і ветэранам, які «не здаў Іну, таму што закахаўся».
Сам Сяргей кажа, што ніколі нікім не камандаваў, ды і ўвесь матэрыял ТСН пра спакуслівую шпіёнку, якая «зрабіла секс сваім галоўным козырам», называе трызненнем і збіраецца судзіцца з каналам, вось толькі адвакат яго жонкі такімі справамі не займаецца.
Разам з Інай ён пачаў жыць у 2024 годзе, а ў сакавіку 2025-га яны ўступілі ў шлюб.
Пазней, паводле слоў Сяргея, пасля скаргаў жонкі на СБУ, якая «не давала ёй праходу», настойваючы на супрацоўніцтве, ён дапамог Іне ўладкавацца медыйшчыкам у сваю частку — на кантракт, з заробкам, без выезду на пазіцыі. Кардаш там вучылася мантажу, але пасля канфлікту з саслужыўцам вырашыла звольніцца. Рапарты абодва падалі ў пачатку верасня, але Сяргея звольнілі толькі перад Новым годам, праз юрыста. Цяпер ён ва Украіне нелегал.
На пытанне, ці не баіцца, што яго вышлюць у Беларусь, ён адказвае: «Ну, няхай гэта будзе на іх сумленні, калі яны гэта зробяць. Я не выключаю гэтага, але я думаю, што па логіцы — навошта ім падымаць лішні шум… Гэта хутчэй за ўсё будзе проста вываз куды-небудзь у бок Польшчы».
Пра працу Кардаш у Каардштабе пры ГУР
У лістападзе 2025 года Кардаш, паводле матэрыялаў справы, уладкавалася ў Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі па заданні КДБ Беларусі. Там яна прапрацавала з 21 лістапада па 19 снежня, «фатаграфавала службовыя дакументы і запісвала калег» па заданні сваіх куратараў з Беларусі.
«Ёй прапанавалі перайсці не ў сам Каардштаб, — каментуе Сяргей. – Яна працавала з адным блогерам пры Каардштабе. Гэта іх неафіцыйна праект, ён ні на кантракце, ні ў ГУР не знаходзіцца», – і ў пацвярджэнне прыводзіць адказ з ГУР, што Іна ніколі ў іх не працавала.

Хоць пракурор у судзе, паводле матэрыялу «Суспільне», казаў, што Кардаш «звольнілі з ГУР»; “Радыё Свабода” пісала, што на момант затрымання яна была «вайскоўцам у званні салдата». Але сама СБУ ніколі гэтага не сцвярджала: фармальна Каардштаб падраздзяленнем ГУР не з’яўляецца. Кіраўнік сакратарыята Каардштаба Багдан Ахрыменка сцвярджаў, што яе працоўнае месца было «спецыяльна створана», ішла «аператыўная гульня».
Супярэчнасці, на якую намякае Сяргей, тут няма: чалавека, якога распрацоўваюць у аператыўнай гульні, наўрад ці аформяць у штат разведкі з допускам — яго пасадзяць побач і дадуць фальшывыя паперы. Так што даведка ГУР не супярэчыць абвінавачанню, а хутчэй ілюструе, як гэтая гульня была ўладкавана.
Пра запіс, на якім «яго вярбуюць»
На відэа СБУ Кардаш кажа мужу: «Ты хочаш мне растлумачыць, чалавеку з дзесяцігадовым досведам стажу ў службах, як гэта працуе? Ты хочаш мяне нечаму павучыць? Я думаю, не варта… Табе было растлумачана, чым, як і што. І цябе ніхто ні да чаго не прымушае. Увогуле. Для мяне гэта п…ц добра… Не хочаш — не трэба. Гэта не КДБ. Гэта значна вышэй. Ніхто больш мяне ў гэтым жыцці не кране… Цябе ніхто не кране. Гэта проста пад гарантыі разнастайныя, у тым ліку мае асабістыя, і гэтак далей». Сяргей адказвае: «Гэта так не працуе. І ты са сваім дзесяцігадовым стажам павінна была гэта ўжо зразумець».
СБУ сцвярджае, што гэта сцэна вярбоўкі: Кардаш угаворвае ваяра Сіл абароны працаваць на КДБ. Сяргей сцвярджае, што яны з жонкай пілі джын і спрачаліся пра ад’езд: ён «разрываўся» паміж прапановай іншай часткі і жаданнем эміграваць, яна перажывала і «з-за яго адмаўлялася ад добрай працы». Пра здымку, кажа ён, яны здагадваліся — «СБУ неаднаразова прыходзілі ў кватэру, калі мы былі ў ад’ездзе». У той вечар, дадае ён, «спантанна аб’явіўся» былы саслужывец; той жа чалавек пасля затрымання клікаў яго выпіць і задаваў «навадныя пытанні па справе».
На пытанне, куды яны хацелі з’ехаць, Сяргей адказвае туманна: сам ён думаў пра Мексіку, Іна хацела запускаць уласны рускамоўны навінавы партал, і ёй не было розніцы, адкуль гэта рабіць. Звольніліся, не вырашыўшы, куды ехаць? «Ну так». Адвакат у лютым казала суду адваротнае: Кардаш «не збіраецца ўцякаць», віз у пашпарце няма.
«Цябе ніхто не кране» ён тлумачыць сваім страхам: без візы выязджаць давялося б праз Малдову або Грузію, дзе яго маглі «загрэбці» беларускія службы, — «яна сказала: не панікуй». Рэпліку Кардаш «Гэта не КДБ — гэта значна вышэй» Сяргей растлумачыць не змог: запісы «пераглядаць брыдка», «што мела на ўвазе — не ведаю, шмат паступала прапаноў па працы».
З «дзесяцігадовым стажам у службах» складаней за ўсё. Сяргей кажа, што Іна была «ўваходжая на Банкавую» (офіс прэзідэнта Украіны) і «[украінскія спец] службы прасілі [яе] задаваць пытанне пэўнай тэматыкі». Але на прамое пытанне, пра якія службы і якія дзесяць гадоў стажу ідзе гаворка, Сяргей адказаць не змог.
«Дзесяцігадовы стаж» не сыходзіцца і з уласнымі дакументамі абвінавачання: у прэс-рэлізе СБУ Кардаш «працавала на КДБ з 2015 года», а ў тэксце падазрэння, які цытуюць «Суспільне» і “Радыё Свабода”, яе вярбоўка датаваная вераснем 2025-га — «канфідэнцыйнай размовай» у Будапешце, а з 2019-га ёй ставяць у віну толькі «пастаянныя кантакты» з беларусам, які супрацоўнічаў са спецслужбамі.
Тыдзень на кватэры
Пасля затрымання Іны ў рэстаране Сяргея, паводле яго слоў, неафіцыйна тыдзень трымалі ў «канспіратыўнай кватэры — гасцінічным нумары». Абмяркоўваўся варыянт «мяшок на галаву і на востраў на Дняпры», але за Сяргея «заступіўся ГУР» – так ён расказвае са слоў сваіх вартаўнікоў.
Ціснулі знойдзенай пры ператрусе трацілавай шашкай: «не расказваеш — садзішся за захоўванне». Шашка сапраўды згадваецца ў матэрыялах справы, якія цытуе «Суспільне». Пракурор, паводле слоў Сяргея, у асабістай размове з ім пацвердзіў: СБУ прасіла яго прыцягнуць, пракуратура адмовіла — «ганьба, ветэран».
Адзіная канкрэтная зачэпка, якую следства, паводле яго слоў, шукала праз яго, — не Каардштаб. «На ўсіх допытах пастаянна пыталіся: ведаеце, хто такі Шаройка? Можа, Іна нешта казала?» Сяргей не ведаў. Павел Шаройка — карэспандэнт Украінскага радыё, асуджаны ў Мінску за шпіянаж у 2018 годзе па справе, якую беларускія медыя называлі правакацыяй КДБ. Reform.news раней пісаў, што ў ёй удзельнічаў аператар Васіль Сямашка, з якім Кардаш была ў адносінах і супрацоўнічала па працы ў Мінску. Сямашка сам быў прыладай правакацыі – перадаў Шаройку «нібыта сакрэтны дакумент», за які ўкраінец атрымаў 8 гадоў па абвінавачанні ў шпіянажы. І калі СБУ раз за разам пытаецца пра Шаройку мужа Кардаш, то, відаць, правярае, ці не была Іна побач з той гісторыяй і ці не рабіла таго ж ва Украіне.
Сведкам па справе Сяргей не праходзіць: адвакат папярэдзіла, што тады пазбавяць спатканняў. Сам артыкул ён лічыць абсурдным: «У яе не было доступу да дзяржтайны. Беларусу немагчыма яго атрымаць».
Навошта СБУ справа, калі Іна не шпіёнка? «Сукупнасць прычын», – адказвае Сяргей: адмовы «супрацоўнічаць па іх хітрых заданнях», рэзананс, разлік на яе прызнанне і на тое, што «я прагнуся», і абмен — «на беларуса, які ваюе, сваіх не выменяеш, а на журналістку з такім рэзанансам — цалкам».
Мінск, паводле слоў Ахрыменкі, сапраўды прасіў уключыць Кардаш у абмен. Сяргей не лічыць гэта доказам віны: «любая нармальная дзяржава абавязана аказваць садзейнічанне і дапамогу сваім грамадзянам». Беларусь у яго ў адной і той жа рэпліцы — то «нармальная дзяржава», калі гаворка пра абмен жонкі, то «рэжым» з палітвязнямі, калі трэба параўнаць з Украінай: «Тут людзей, якіх можна прызнаць палітвязнямі, яшчэ больш, чым у Беларусі… Насамрэч тут рэжым дакладна такі ж, толькі карупцыі і кумаўства нашмат больш».
Здароўе ў зняволенні
Галоўнае, дзеля чаго ён выйшаў на сувязь, — здароўе жонкі: грыжы пазваночніка і страта вагі. Паводле слоў Сяргея, за час утрымання пад вартай яна страціла больш за 10 кілаграмаў. Ён кажа, што не раз звяртаўся па пытаннях здароўя і абмену жонкі да амбудсмена Дзмітрыя Лубінца і ў Каардштаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі, але не атрымаў адказаў па сутнасці.
«За сябе я не баюся, а за яе перажываю, таму і пішу вам, што стан яе здароўя становіцца толькі горшым і ўмовы пакідаюць жадаць лепшага. Каму б я тут ні пісаў, нікому да гэтага няма справы. І гэта інстанцыі, якія павінны сачыць за выкананнем правоў чалавека», – кажа Сяргей.
У сакавіку сама Кардаш крычала пракурору, што ў СІЗА «яе загубяць», але канкрэтныя скаргі на ўмовы ўтрымання ў СМІ не трапілі. «Не надта добрая ежа, стрэс, плюс у яе тахікардыя», – так Сяргей адказвае на пытанне пра прычыны яе хвароб.
Абарона прасіла адпусціць Кардаш пад заклад; але пракурор заявіў, што яна «можа паўплываць на сведкаў і ўцячы», – кажа Сяргей. Ён спадзяецца на абмен і спасылаецца на закон 2472-IX: прысуд для абмену не патрэбны.
«Дагэтуль не разумею, ці разглядаецца пытанне магчымага абмену, якія дзеянні робяцца і чаму мне на асабістым прыёме паведамілі пра неабходнасць прызнання віны або прысуду суда».
Арышт Кардаш працягваюць са студзеня; два райсуды не змаглі сабраць калегію з допускам да дзяржтайны, і Пячэрскі суд дагэтуль не пачаў разгляд. Сяргей кажа, што 6 кастрычніка пракурор усё ж зачытаў абвінавачанне; наступнае пасяджэнне — 12 лістапада. Ці застанецца Іна ва Украіне да прысуду і што скажа пра «дзесяцігадовы стаж» сама, стане ясна не раней.
