Reform.news

У Беларусі ліквідаваны шэсць адвентысцкіх абшчын

Рэдакцыя Reform.news · 8 лістапада 2026, 18:16

https://reform.news/be/u-belarusi-likvidavany-shjesc-adventysckih-abshchyn/

У Беларусі ў 2024–2025 гадах ліквідавалі 6 рэлігійных абшчын хрысціян адвентыстаў сёмага дня. Гэта складае 8,2% ад агульнай колькасці зарэгістраваных абшчын гэтай канфесіі на пачатак 2024 года, піша «Хрысціянская візія».

Паводле даных сэрвісу «Картотека», 4 абшчыны спынілі існаванне ў 2024 годзе, яшчэ 2 у 2025-м. Інфармацыя пра ліквідацыю абшчыны ў Мёрах таксама пацвярджаецца звесткамі Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Тры ліквідаваныя абшчыны знаходзіліся ў Віцебскай вобласці: у Мёрах, вёсцы Гарадзінцы Лепельскага раёна і вёсцы Амосенкі Расонскага раёна. Яшчэ дзве дзейнічалі ў вёсках Новы Дварэц і Кнубава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Шостая абшчына размяшчалася ў Красным Беразе Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.

Усе шэсць рэлігійных арганізацый былі зарэгістраваныя ў 2002–2004 гадах.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на пачатак 2024 года ў Беларусі налічвалася 73 зарэгістраваныя абшчыны адвентыстаў сёмага дня. Такім чынам, выяўленыя ліквідацыі складаюць 8,2% ад іх агульнай колькасці. Калі іншых ліквідацый і новых рэгістрацый не адбывалася, колькасць абшчын скарацілася да 67.

Прычыны ліквідацыі рэлігійных арганізацый, а таксама органы, якія прынялі адпаведныя рашэнні, не пазначаныя.

У «Хрысціянскай візіі» таксама паведамілі пра вядомыя ініцыятыве выпадкі, калі адвентысцкія пастары былі вымушаныя пакінуць Беларусь з-за пераследу.

Адвентысты сёмага дня – пратэстанцкі кірунак хрысціянства, які ўзнік у ЗША ў XIX стагоддзі. Асаблівае значэнне ў іх веравучэнні маюць чаканне другога прышэсця Ісуса Хрыста і захаванне суботы як дня адпачынку і богаслужэння.

Рэклама

Пакінуць адказ