МУС прапануе ААЭ супрацоўніцтва ў барацьбе з экстрэмізмам

МУС Беларусі прапануе навучаць кадры для сілавых структур ААЭ і ўмацоўваць супрацоўніцтва ў розных галінах. Пра гэта ішла размова на сустрэчы міністра ўнутраных спраў Беларусі Івана Кубракова з паслом ААЭ ў Беларусі Ібрагімам Салімам Мохамедам Аль-Мушаррахам.

На сустрэчы Кубракоў падкрэсліў, што МУС гатовае садзейнічаць у навучанні кадраў для сілавых структур ААЭ, бо мае значны досвед і адпрацаваную сістэму падрыхтоўкі супрацоўнікаў для праваахоўных органаў замежных дзяржаў.

Кіраўнік МУС таксама выказаўся пра паглыбленне ўзаемадзеяння па шэрагу напрамкаў.

«Гатовы паглыбляць узаемадзеянне з ААЭ па розных напрамках праваахоўнай дзейнасці, у тым ліку па барацьбе з транснацыянальнай злачыннасцю, а таксама ў сферах забеспячэння грамадскай і дарожнай бяспекі, процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму. Гэта, безумоўна, умацуе адносіны паміж нашымі краінамі», — заявіў Кубракоў.

Пасол ААЭ пацвердзіў удзел каманд ААЭ ў адкрытым турніры па тактычнай стральбе сярод груп аператыўна-баявога прызначэння АМАПу, які пройдзе ў Беларусі ў чэрвені.

«Падчас сустрэчы бакі абмяняліся меркаваннямі па шырокім спектры пытанняў, намеціўшы шляхі далейшага супрацоўніцтва»,заяўляе прэс-служба МУС.

Фота: МУС
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!