Фэст Graj-2025. Фота: facebook.com/grajfest
Аргкаманда фестывалю беларускай музыкі Graj абвясціла вынікі конкурсу маладых выканаўцаў «Зайграй на Graj!». Згодна з вердыктам, сёлета пераможцаў будзе двое: RaState і Rodvaloth. Менавіта яны і адкрыюць юбілейны – пяты – фестываль, які адбудзецца 5 верасня ў варшаўскім клубе NIEBO.
Конкурс маладых выканаўцаў стартаваў у чэрвені. Згодна з вынікамі галасавання журы, у фінал прайшлі 10 бэндаў. З 1 па 19 жніўня ўключна за іх маглі галасаваць усе ахвочыя ў Telegram-канале фестывалю.
Фінал конкурсу стаў найбольш напружаным этапам: рок-рэгі-даб-бэнд RaStat і меладык-дэт-метал-гурт Rodvaloth на працягу ўсяго галасавання ішлі практычна нага ў нагу.
«Гэтае спаборніцтва сапраўды стала вялікай інтрыгай. RaState і Rodvaloth пастаянна змяняліся месцамі ў лідарах, і да апошняга моманту было незразумела, хто выйдзе наперад», — каментуе суарганізатарка фестывалю Інэс Сянкевіч.
У выніку аргкаманда вырашыла даць магчымасць выступіць абодвум лідарам галасавання.
«Першапачаткова планавалася, што пераможца будзе толькі адзін. Але, пабачыўшы такі шалёны ўзровень падтрымкі і талент абодвух калектываў, мы зразумелі: іншага выхаду проста няма. Мы павінны ўзяць абодва гурты! Бо галоўная місія фестывалю — даказваць, што беларуская музыка годная ўвагі, і ўсяляк падтрымліваць сваіх», — тлумачыць Інэс Сянкевіч.
Такім чынам, RaState і Rodvaloth адкрыюць канцэртную праграму Graj. Пасля маладых гуртоў на сцэну NIEBO выйдуць вядомыя прадстаўнікі беларускай музычнай сцэны: РСП, DZIECIUKI, VOLSKI, J:MOPC і ДАЙ ДАРОГУ!
Традыцыйна, акрамя канцэртнай праграмы, гасцей фэсту Graj чакаюць арт-маркет і дабрачынны аўкцыён.
Вядучыя падзеі – Марына Савіцкая і Валер Руселік.
Пяты фестываль беларускай музыкі Graj пачнецца 5 верасня ў 17:00 у варшаўскім клубе NIEBO
Квіткі можна набыць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram