Міжнародная федэрацыя хакея не дапусціла зборную Беларусі да Чэмпіянату свету-2027

Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) прыняла рашэнне не дапускаць зборную Беларусі да ўдзелу ў мужчынскім чэмпіянаце свету 2027 года і моладзевым чэмпіянаце свету 2027 года.

Рашэнне было прынята Радай IIHF пасля паўторнага разгляду заяўкі Федэрацыі хакея Беларусі на ўдзел нацыянальных і моладзевых каманд у турнірах сезона-2026/27.

У IIHF паведамілі, што правялі асобную ацэнку кожнага чэмпіянату з улікам пытанняў бяспекі, абароны ўдзельнікаў і арганізацыйнай магчымасці правядзення спаборніцтваў з удзелам беларускай каманды.

У выніку Рада IIHF пастанавіла, што Беларусь не зможа выступіць у Чэмпіянаце свету сярод мужчын 2027 года і моладзевым Чэмпіянаце свету 2027 года.

Раней IIHF дапусціла шэраг беларускіх зборных да ўдзелу ў чэмпіянатах свету ў сезоне 2026/2027. Рашэнне датычыцца мужчынскай юніёрскай зборнай да 18 гадоў, жаночай юніёрскай і жаночай нацыянальнай зборных.

Рада IIHF таксама перагледзела пытанне ўдзелу зборнай Расіі ў міжнародных турнірах сезона-2026/27. Расійская каманда не дапушчана да мужчынскага Чэмпіянату свету 2027 года, моладзевага Чэмпіянату свету 2027 года, а таксама Чэмпіянатаў свету сярод гульцоў да 18 гадоў сярод мужчын і жанчын.

Пытанне ўдзелу Расіі ў жаночым чэмпіянаце свету 2027 года будзе разгледжана асобна ў лістападзе 2026 года з улікам актуальнай ацэнкі рызык і сітуацыі на той момант.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!