Иллюстративное фото: УВД Минского облисполкома
Каля 350 чалавек былі затрыманыя пад Расонамі 29 ліпеня, паведамляе “Віцебская вясна”. Паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра ўдзельнікаў штогадовага злёту Rainbow Family, які аб’ядноўвае прыхільнікаў ідэі гарманічнага суіснавання з прыродай, альтэрнатыўнага ладу жыцця і пратэсту супраць умоўнасцяў капіталістычнага грамадства.
Сустрэчы Rainbow Family звычайна праходзяць у маланаселеных месцах на прыродзе. Удзельнікі ўсталёўваюць намётавыя лагеры каля вадаёмаў і праводзяць час разам.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, людзей затрымлівалі цэлымі сем’ямі. Сярод затрыманых былі дзеці, некалькі непаўналетніх правялі ноч разам з дарослымі ў ізалятары часовага ўтрымання.
На затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ім паведамілі, што на працягу двух месяцаў павінны адбыцца судовыя разгляды.
Інфармацыя пра тое, што адбылося, удакладняецца.