Мінфін папярэдзіў пра фэйкавыя ролікі з «заяўленнямі Селіверстава»

Міністэрства фінансаў Беларусі паведамiла пра з’яўленне ў сетцы фэйкавых матэрыялаў, звязаных з дзейнасцю ведамства і асобных службовых асоб. Сярод іншага, распаўсюджваецца відэа з удзелам былога міністра фінансаў Беларусі Юрыя Селіверстава, які цяпер займае пасаду пасла Беларусі ў Расіі.

У відэа на рэальныя архіўныя кадры накладзены чужы голас. У прыватнасці, у роліку «Селіверстаў» абмяркоўвае кітайскія інвестыцыі і адносіны з Расіяй: ён нібыта кажа, што інвестыцыі з Кітая «гэта добра, мы іх чакаем, але бюджэтныя лічбы — гэта адно, а тое, што на душы — іншае», а таксама адзначае, што ў расійскім напрамку «бачым людзей, братоў, і немагчыма параўнаць складаную кітайскую этыку з нашай адкрытай славянскай душой».

У ведамстве падкрэслілі, што змест такіх ролікаў не адлюстроўвае рэальнай пазіцыі Мінфіна або афіцыйных асоб.

Акрамя відэаролікаў, у сетцы распаўсюджваюцца падробленыя дакументы пра нібыта сумесныя інвестыцыйныя праекты Мінфіна і Gazprom Transgaz Belarus у прыродныя рэсурсы. Ведамства адзначыла, што яны не маюць дачынення да рэальнасці і складзеныя з парушэннем правілаў афармлення і з няправільным напісаннем назвы нашай краіны.

Скрыншот: t.me/minfinrb

У міністэрстве заклікалі грамадзян правяраць інфармацыю праз афіцыйныя крыніцы і звяртаць увагу на прыкметы фэйкаў:

  • неадпаведнасць мімікі і маўлення на відэа;
  • манатонны або «робатызаваны» голас;
  • публікацыі ў сумніўных або ананімных каналах.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!