Фото: МИД России
Расія пагадзілася прыняць Юрыя Селіверстава ў якасці пасла Беларусі. Сёння ў МЗС РФ паведамілі, што выдадзены агрэман на прызначэнне пасла.
“26 студзеня расійскі бок выдаў запытаны беларускім бокам 22 студзеня агрэман (згоду) на прызначэнне Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Селіверстава Юрыя Міхайлавіча, які раней займаў пасаду міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні расійскага міністэрства.
У ім таксама адзначаецца, што Селіверстава ў бліжэйшы час чакаюць у Маскве для пачатку дыпламатычнай місіі і ўручэння копій даверчых грамат.
“У Маскве ўпэўненыя, што будуць захаваныя пераемнасць і станоўчая дынаміка ў паступальным развіцці маштабнага двухбаковага супрацоўніцтва і паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, АДКБ і СНД, у якіх Ю.М. Селіверстаў адначасова будзе прадстаўляць Рэспубліку Беларусь”, — заявілі ў расійскім міністэрстве і пажадалі Селіверставу поспехаў у працы.
Варта адзначыць, што агрэман быў запытаны ў Расіі ў дзень прызначэння Юрыя Селіверстава паслом.