У Польшчы зноў зафіксавалі аб’екты, што заляцелі з боку Беларусі

У ноч з 30 на 31 студзеня ў паветранай прасторы Польшчы зноў былі зафіксаваныя аб’екты, што заляцелі з боку Беларусі. Пра гэта паведамілі ў Аператыўным камандаванні войскаў Узброеных сіл краіны.

Па выніках аналізу параметраў палёту было ўстаноўлена, што з высокай доляй верагоднасці гаворка ідзе пра паветраныя шары, якія перамяшчаліся ў адпаведнасці з бягучымі метэаралагічнымі ўмовамі. Палёт аб’ектаў бесперапынна адсочваўся вайсковымі радыёлакацыйнымі сістэмамі.

З мэтай захавання бяспекі часова былі ўведзеныя абмежаванні на выкарыстанне часткі паветранай прасторы над Падляскім ваяводствам для грамадзянскай авіяцыі.

“Гэтыя меры мелі прэвентыўны характар і адпавядалі дзеючым працэдурам. Пагрозы бяспецы паветранай прасторы Польшчы не было”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У камандаванні назвалі дадзены выпадак “чарговым у серыі інцыдэнтаў гібрыднага характару, што назіраюцца ва ўсходняй частцы Польшчы”.

Аператыўнае камандаванне заяўляе, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з профільнымі ведамствамі і службамі, ажыццяўляе абмен інфармацыяй і перадае даныя пра зафіксаваныя аб’екты.

“Сітуацыя пастаянна адсочваецца, а Узброеныя сілы Рэспублікі Польшча застаюцца ў гатоўнасці да выканання задач, звязаных з абаронай польскай паветранай прасторы”, — запэўнілі вайскоўцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!