Мінадукацыі вынесла на абмеркаванне праект пастановы пра “рэестр рэпетытараў”

Міністэрства адукацыі вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пастановы Саўміна «Аб рэестры фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць па навучанні дзяцей». Абмеркаванне праходзіць на Прававым форуме да 1 чэрвеня.

Пастанова прадугледжвае, што самастойная прафесійная дзейнасць па навучанні дзяцей можа ажыццяўляцца пасля ўключэння фізічнай асобы ў рэестр. Пры гэтым такая дзейнасць без уключэння ў рэестр забараняецца.

Праект распаўсюджваецца на наступныя віды самастойнай прафесійнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў дачыненні да непаўналетніх дзяцей:

  • навучанне (без рэалізацыі зместу адукацыйных праграм) працы на персанальным камп’ютары, ноўтбуку, планшэтным камп’ютары, смартфоне;
  • навучанне (без рэалізацыі зместу адукацыйных праграм) выяўленчаму мастацтву, ігры на музычных інструментах, танцам, харэаграфіі, вакалу, аратарскаму мастацтву;
  • рэпетытарства;
  • паслугі настаўніка-дэфектолага (у тым ліку настаўніка-лагапеда, тыфлапедагога, сурдапедагога, алігафрэнапедагога).

“Прыняцце праекта пастановы дазволіць мінімізаваць магчымасць ажыццяўлення самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні дзяцей фізічнымі асобамі, у дачыненні да якіх уступіў у законную сілу абвінаваўчы прысуд суда за здзяйсненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 139, 145 – 147, 154, часткамі 2 і 3 артыкула 165, артыкуламі 166 – 172, часткай 2 артыкула 173, артыкуламі 181 – 182, 187, 327 – 329, 331, 332, 342-1, 343, 343-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, незалежна ад зняцця або пагашэння судзімасці, а таксама аказання паслуг настаўніка-дэфектолага, настаўніка-лагапеда, тыфлапедагога, сурдапедагога, алігафрэнапедагога асобамі, якія не маюць адпаведнай адукацыі”, — гаворыцца ў абгрунтаванні праекта.

Фізічным асобам, якія займаюцца самастойнай прафесійнай дзейнасцю па навучанні дзяцей, давядзецца падаваць ва ўпаўнаважаны орган заявы пра ўключэнне ў рэестр, а таксама паведамляць яму пра ўзнікненне факту абмежавання на працу з дзецьмі. Упаўнаважаным органам вызначаны Дэпартамент кантролю якасці адукацыі.

Мяркуецца, што пастанова ўступіць у сілу праз тры месяцы пасля яе публікацыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!