Мінабароны праводзіць штогадовы збор са старшынямі аблвыканкамаў

Міністэрства абароны сёння праводзіць збор «Ваенная бяспека і абарона дзяржавы». Ім кіруе кіраўнік ведамства Віктар Хрэнін.

Збор праводзіцца з удзелам кіраўніцтва абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, ваенных камісараў абласцей і Мінска. На яго таксама запрошаныя дзяржсакратар Савета бяспекі, прадстаўнікі Мінабароны, Генштаба і сілавых міністэрстваў.

“Мэта збору — павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі кіруючага складу абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў у пытаннях тэрытарыяльнай абароны”, — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Удзельнікаў збораў пазнаёмяць з роляй тэрытарыяльных войскаў у новых формах ваенных дзеянняў, парадкам працы Савета бяспекі, а таксама методыкай правядзення заняткаў падчас баявога зладжвання.

Прадугледжаныя практычныя заняткі і дэманстрацыя асноўных тыпаў лятальных апаратаў, якія стаяць на ўзбраенні ВПС і войскаў СПА беларускай арміі, сумесных дзеянняў арміі і тэрытарыяльных і ўнутраных войскаў.

Збор праводзіцца на базе Лідскага райвыканкама.

Фота: Мінабароны
Фота: Мінабароны
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!