Мінадукацыі ўстанавіла тэрміны ўступнай кампаніі

Міністэрства адукацыі пастановай №32 ад 12 лютага ўстанавіла тэрміны правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Па большасці спецыяльнасцяў прыём дакументаў ад паступаючых пачнецца 12 ліпеня. Некаторыя катэгорыі абітурыентаў будуць падаваць іх раней. Напрыклад, пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд, якія маюць права на паступленне без выпрабаванняў, — з 27 чэрвеня па 1 ліпеня. Дакументы на завочнае навучанне па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях будуць прымацца з 15 лістапада па 5 снежня.

Уступныя выпрабаванні пройдуць:

  • ва ўніверсітэце МНС — з 18 па 20 ліпеня,
  • на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы — 20–21 ліпеня,
  • на дзённую форму атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — 20–25 ліпеня,
  • на завочную форму атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — 6–15 снежня,
  • у іншых выпадках — 18–25 ліпеня.

Таксама ўстаноўлены тэрміны залічэння абітурыентаў. Пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд і іншыя асобы, якія паступаюць без выпрабаванняў, будуць залічаны да 2 ліпеня, паступіўшыя ў Ваенную акадэмію, ВНУ памежнай службы і МНС, ваенныя факультэты — па 22 ліпеня, у ВНУ МУС — па 29 ліпеня, на завочнае навучанне па аграрных спецыяльнасцях — па 20 снежня, а ва ўсіх астатніх выпадках — па 27 ліпеня.

Платнікаў павінны залічыць па 3 жніўня.

Таксама ўстаноўлены тэрміны падачы дакументаў і залічэння пры дадатковым наборы ў ВНУ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!