Маркаў напрыканцы ўнёс інтэрнэт-рэсурс пасольства ЗША ў спіс экстрэмісцкіх

У апошнім абнаўленні спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», які фарміруе Міністэрства інфармацыі Беларусі, з’явіўся інстаграм-акаўнт @americacenterminsk. Верагодна, гаворка ідзе пра American Center Minsk, які адносіцца да сеткі American Spaces. Гэта сетка культурна-адукацыйных цэнтраў, звязаных з Дзярждэпартаментам ЗША.

Варта адзначыць, у экстрэмісцкім спісе Мінінфарма адрас акаўнта пазначаны з памылкай – сапраўдны адрас American Center Minsk у Instagram @americaNcenterminsk з літарай N.

Рашэнне аб прызнанні акаўнта American Center Minsk «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 8 красавіка 2026 года прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

“Падлягае неадкладнаму выкананню ў адпаведнасці з артыкулам 302 Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь”, – пазначана ў заўвазе да запісу ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Гэта адно з апошніх рашэнняў міністра інфармацыі Марата Маркава. Сваёй пасады ён пазбавіўся 9 красавіка.

Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі для барацьбы з апанентамі і іншадумствам у цэлым.

Скрыншот запісу ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Запіс у акаўнце American Center Minsk.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!