Фота: pushlib.org.by.
Большасць затрыманых па справе беларускіх кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў выйшлі на волю. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», за кратамі застаецца адзін фігурант — перакладчык і выдавец Зміцер Колас, якому прад’яўлена абвінавачанне ў кіраўніцтве «экстрэмісцкім фармаваннем».
На волю выйшлі заснавальнік выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў Багдановіч, яго дачка Вікторыя і 75-гадовы ветэран выдавецкай справы Дзмітрый Санько. Адміністрацыйным арыштам абмежавалася справа Андрэя Кіма — іншага дзеяча культуры, затрыманага адначасова з кнігавыдаўцамі.
Паводле інфармацыі выдання, вызваленыя фігуранты справы застаюцца пад падпіскамі і статусамі. У лютым і сакавіку вобшукі прайшлі яшчэ ў некалькіх беларускіх дзеячаў культуры — пры гэтым у іх канфіскоўвалі кнігі з асабістых бібліятэк.
Зміцер Колас скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў. Перакладчык і заснавальнік выдавецтва свайго імя, ён пераклаў на беларускую мову Камю, Сартра, Іянеска, Рабле, Бадлера і многіх іншых аўтараў сусветнай літаратуры. Яго выдавецтва выпусціла больш за 100 кніг у серыі “Паэты планеты”.
Нагадаем, у пачатку сакавіка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў, якая ўключала Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House і выдавецтва Андрэя Янушкевіча. Масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў прайшлі ў Мінску яшчэ ў лютым.