Магілёўская пракуратура накіравала больш за 130 заяў аб «экстрэмісцкіх матэрыялах» за квартал

Пракуратура Магілёўскай вобласці адчыталася аб барацьбе з “экстрэмізмам” у першым квартале. Абвінавачанні ў “экстрэмізме” беларускія сілавікі выкарыстоўваюць для пераследу апанентаў Лукашэнкі, а таксама іншадумства ў цэлым.

Паводле інфармацыі пракуратуры, яе работнікі ў першым квартале выявілі ў сацыяльных сетках больш за 130 каналаў, якія былі накіраваныя “на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці”. Па такіх фактах былі накіраваныя заявы ў суды, пасля чаго рэсурсы трапілі ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

“Акрамя таго, у мэтах барацьбы з экстрэмізмам па пастановах пракурора Магілёўскай вобласці абмежаваны доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, на якіх размяшчаліся забароненыя да распаўсюджвання звесткі.

Напрыклад, на рэсурсах «Флагшток» і «Главк» змяшчаліся матэрыялы, якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэннях судоў, там жа паведамляліся загадзя ілжывыя звесткі пра палітычнае становішча Рэспублікі Беларусь і прававы статус яе грамадзян”, — дадалі ў пракуратуры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!