Лукашэнка абвінаваціў сілавікоў у «крышаванні» раскрадальнікаў паліва

Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй селектарнай нарадзе па правядзенні ўборачнай кампаніі абвінаваціў сілавікоў у заступніцтве за раскрадальнікаў паліва.

«Толькі пачалі ўборку, а МУС ужо выяўлена 46 злачынстваў. Асноўныя — гэта крадзеж камплектуючых і запасных частак, хабарніцтва. На першым месцы — крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, маніторынг паказвае, што мясцовыя ўлады фармальна падыходзяць да супрацьдзеяння крадзяжам.

«У мяне на стале вынікі свежага маніторынгу, які паказаў, што мясцовая ўлада да выкаранення крадзяжоў падыходзіць спусціўшы рукавы, абсалютна фармальна. Таму нячыстыя на руку работнікі крадуць паліва і цалкам упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.

Асабліва абурае тое, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў замест таго, каб змагацца з гэтымі несунамі, уваходзяць з імі ў долю і «крышуюць», як у ліхія 90-я. Мужыкі, вы ж разумееце, што 90-х нават у гэтай дробязнай праблеме мы не дапусцім», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!