Лукашэнка зноў заявіў пра “вялікую здзелку” з ЗША, яна датычыцца і ядзерных матэрыялаў

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падрыхтоўка да “вялікай здзелкі” з ЗША працягваецца. Учора ён правёў перамовы ў Мінску са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, па выніках якіх было абвешчана пра вызваленне 250 палітвязняў і зняцце шэрагу санкцый з Мінска. Пазней Джон Коўл заявіў, што разлічвае на вызваленне ўсіх палітвязняў да канца года.

“Так, сапраўды, амерыканцы ў ходзе перамоваў — трэці ці чацвёрты раўнд быў — яны ад імя Трампа прапанавалі заключыць вялікую здзелку, дзе будзе адлюстраваны шэраг пытанняў, якія ў парадку нашых перамоваў. Я што, адмаўляцца буду? Для Беларусі гэта важна, і для мяне ў тым ліку. Таму я сказаў: “Я гэта нармальна ўспрымаю, перадайце Дональду, што я згодны, каб выпрацаваць гэтую вялікую здзелку, падрыхтаваць”, — сказаў сёння Лукашэнка.

Паводле яго слоў, увага ЗША цяпер, магчыма, больш засяроджана на іншых тэмах, але працэс працягваецца.

“Мы абазначылі свае інтарэсы і накіравалі амерыканцам адпаведныя прапановы. Як яны мяне інфармавалі, яны прапрацоўваюцца. Вялікая здзелка — гэта не толькі “палітвязні”, як яны кажуць. Хоць і я іх пастаянна папраўляю, што ў нас палітвязняў няма, таму што ў нас няма палітычных артыкулаў”, — працягнуў ён.

“Я ў іх ніколі не прасіў нічога ўзамен, нават па санкцыях. Ніколі”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у парадку дня не толькі праца пасольства, але і тэма ядзерных матэрыялаў.

“Вы ж ведаеце, што ў нас гэтых ядзерных матэрыялаў нямала. Пад кантролем, як калісьці дамовіліся. МАГАТЭ бачыць, дзе мы захоўваем гэтыя ядзерныя матэрыялы. Гэта таксама для іх цікава ў плане нераспаўсюджання зброі”, — дадаў ён.

Трэба адзначыць, Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Пагаднення аб прымяненні гарантый у сувязі з Дагаворам аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. У студзені гэтага года інспекцыя МАГАТЭ правярала БелАЭС, у тым ліку праводзілася фізічная інвентарызацыя ядзернага матэрыялу, тэхнічнае абслугоўванне сістэм па захаванні і назіранні МАГАТЭ, праверка вядзення справаздачнай дакументацыі.

“Мы рыхтуемся да гэтага вялікага дагавора з амерыканцамі”, — сказаў Лукашэнка.

Пра “вялікую здзелку” Лукашэнка пачаў казаць у кастрычніку мінулага года. Тады ён сказаў, што гатовы на заключэнне «вялікай здзелкі» з ЗША. Аднак пры гэтым павінны быць улічаны яго інтарэсы. Меркаваны змест здзелкі ён практычна не раскрываў, апісаўшы яе аднойчы словамі «Мы робім, што яны хочуць, а яны робяць, што мы хочам».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!