Вокладка сінгла. Фота: сацсеткі Алеся Плоткі.
Паэт і музыка Алесь Плотка (Baisan, голас гурта Sož) анансаваў вялікі камбэк у супольным праекце з музыкам і падпольным гуру «халодных вайбаў» Русланам (Frantisz). Артысты, падзеленыя сучаснай «жалезнай заслонай», запісалі адразу некалькі рэлізаў, першы з якіх выходзіць ужо гэтай восенню.
Пра гісторыю стварэння праекта і пераадоленне цяжкасцей Baisan адкрыта распавёў у сваіх сацсетках:
«У мінулым годзе я выпаў з музыкі праз праблемы са здароўем і часам нават маладушна думаў, што ўжо і не вярнуся. Але мае планы зноў рассмяшылі Бога, і ўжо ў 2026-м узнік Руслан, і мы запісалі некалькі альбомаў. Як мінімум два з іх плануем выпусціць», — падзяліўся аўтар.
Музычны праект ствараецца рэальна «без межаў»: Frantisz працуе недалёка ад Маладзечна, а Baisan — па іншы бок мяжы, ствараючы супольны гукапіс праз адлегласць.
Першы сінгл «Au bout de la nuit» («Напрыканцы ночы»), які выйшаў сёння, 7 жніўня, стварае вельмі шчыльную і трывожную атмасферу. Гэта чысты neon electro — халоднае, ночнае, гучнае электроннае гучанне ад Frantisz, праз якое пропушчана гарачая і сугестыўная паэзія Baisan.
Тэкст пабудаваны на кантрастах. Беларускамоўная частка занурае ў чыстую цялеснасць і стыхію. Чорнае і Балтыйскае моры зліваюцца «слінай з рота ў рот», герой і гераіня ператвараюцца ў «вулканы пад цёмнай вадой» і «юрлівую тайну», якая заканчваецца катастрофай — «s–o–s ніхто не выжыў».
Французскі прыпеў гіпнатычна зацыкліваецца на аголенай пачуццёвасці і мантры «amour toujours» («каханне назаўжды»), ствараючы эратычны кантраст з агульным пачуццём трывогі.
Італьянскі фінал («Sono io sono te…») размывае межы асобы і ператвараецца ў рытуальную лічылку-заклён, дзе «я», «ты», «ён» і «яна» становяцца адным суцэльным «мы».
Уся восень будзе прысвечана рэлізу першага з запісаных альбомаў: з жніўня па лістапад дуэт плануе паслядоўна выдаваць сінглы і спецыяльныя бонусы. Падрабязнасці стварэння кожнага трэка Baisan абяцае раскрываць у сваім блогу.
Сёння, 7 жніўня, у дзень Bandcamp Friday, трэк можна набыць напрасткі, падрымаўшы артыстаў.
На асноўных стрымінгавых платформах (Spotify, Apple Music) песня з’явіцца 14 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram