Джон Коул. Скриншот видео
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл лічыць, што да канца года ўдасца вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю сваёй жонцы Грэце ван Сустэрэн на тэлеканале Newsmax.
«Мы лічым, што зможам вызваліць яшчэ больш людзей і, спадзяёмся, да канца года выцягнуць усіх», — сказаў Коўл.
Коўл пацвердзіў, што з 250 чалавек, вызваленых 19 сакавіка, 235 засталіся ў Беларусі. Гэта ўдалося дасягнуць шляхам «дастаткова жорсткіх перамоваў» з беларускімі ўладамі.
15 з вызваленых былі вывезены ў Літву. Паводле слоў Коўла, гэта грамадзяне іншых краін або вядомыя людзі.
Спецпасланнік Трампа таксама заявіў, што спрабуе наладзіць адносіны паміж Беларуссю і Літвой: вырашыць пытанні з метэазондамі і «дробнымі праблемамі, якія ператварыліся ў вялікія».
«Я дасягнуў добрага прагрэсу з Літвой. Сёння я ўзняў гэтыя пытанні перад Лукашэнкам, прэзідэнтам. Мы робім добрыя крокі да міру паміж гэтымі дзвюма краінамі», — заявіў Коўл.
Нагадаем, па выніках перамоваў Коўла і Лукашэнкі на волю 19 сакавіка выйшлі 250 палітвязняў. 235 з іх засталіся ў Беларусі. 15 чалавек адправілі без пашпартоў у Літву. Сярод іх — журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева), праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Наста Лойка, затрыманы ў 16-гадовым узросце Мікіта Залатароў, блогер Эдуард Пальчыс.
Таксама ЗША абвясцілі пра зняцце санкцый з «Белінвестбанка», Банка развіцця Беларусі і Міністэрства фінансаў і выключэнне БКК і «Беларуськалія» з усіх санкцыйных спісаў.