Цэнтрабанк Расіі знізіў ключавую стаўку да 15% гадавых

Банк Расіі прыняў рашэнне знізіць ключавую стаўку на 0,5 п.п. да 15% гадавых.

“Эканоміка набліжаецца да траекторыі збалансаванага росту. У лютым рост цэн чакана запаволіўся пасля часовага паскарэння ў студзені. Устойлівыя паказчыкі бягучага росту цэн, паводле ацэнкі Банка Расіі, застаюцца ў дыяпазоне 4–5% у пераліку на год. Разам з тым істотна вырасла нявызначанасць з боку знешніх умоў”, — гаворыцца ў заяве расійскага рэгулятара.

Цэнтрабанк РФ чакае, што гадавая інфляцыя ў гэтым годзе складзе 4,5–5,5%. У 2027 годзе яна будзе блізкай да мэтавага паказчыка.

“Адхіленне расійскай эканомікі ўверх ад траекторыі збалансаванага росту змяншаецца. Аператыўныя даныя і апытанні прадпрыемстваў сведчаць пра запаволенне росту эканамічнай актыўнасці на пачатку 2026 года. Назіраецца некаторае астуджэнне спажывецкага попыту пасля моцнай дынамікі ў канцы 2025 года, якая ў значнай ступені была звязана з чаканнямі павышэння ПДВ і ўтылізацыйнага збору. На больш стрыманы ўнутраны попыт таксама ўказваюць дзелавыя настроі бізнесу”, — адзначаецца ў заяве.

Разам з тым праінфляцыйныя рызыкі па-ранейшаму пераважаюць. Яны ў асноўным звязаны з пагаршэннем перспектыў сусветнай эканомікі і ростам цэнавага ціску ў свеце на фоне ўзмацнення геапалітычнай напружанасці.

Наступнае рашэнне па ключавой стаўцы рэгулятар будзе прымаць 24 красавіка.

Нагадаем, на фоне высокай інфляцыі Банк Расіі падняў ключавую стаўку да 22% гадавых. Аднак ужо больш за год працягвае зніжаць яе.

Ключавая стаўка ў Расіі ўсё яшчэ застаецца значна вышэйшай за стаўку рэфінансавання ў Беларусі, якая складае 9,75% гадавых. У беларускім Нацбанку таксама не выключаюць зніжэнне стаўкі ў гэтым годзе, калі дазволяць паказчыкі інфляцыі.

Расія з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Высокія стаўкі ў РФ абмяжоўваюць попыт, перш за ўсё на інвестыцыйныя тавары, якія складаюць немалую долю экспарту беларускай прамысловасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!