Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з паслом Венесуэлы ў Расіі Хесусам Рафаэлем Саласарам Веласкесам. Як вынікае са слоў Лукашэнкі, дыпламат вярнуўся да яго пасля сустрэчы з Нікаласам Мадурам.
“Зусім нядаўна мы з вамі абмяркоўвалі шэраг праблем у нашых узаемаадносінах, аб сітуацыі вакол Венесуэлы. Тады дамовіліся аб тым, што вы павінны ўзгадніць некаторыя пытанні з кіраўніцтвам Венесуэлы — Нікаласам Мадурам. Мы дамовіліся, што пасля ўзгаднення некаторых праблем, пытанняў вы знойдзеце час для таго, каб прыехаць да мяне, яшчэ раз сустрэцца і каб мы маглі ўжо прыняць адпаведнае рашэнне, якое знаходзіцца ў нашай кампетэнцыі. А калі трэба, потым мы падключым прэзідэнта Венесуэлы”, — прыводзіць прэс-служба Лукашэнкі яго словы.
Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Веласкесам 25 лістапада. Тады ён прасіў перадаць Нікаласу Мадура, што яго заўсёды чакаюць у Беларусі.
“Часы праблемныя, складаныя, цяжкія, але тым не менш з любых становішчаў, сітуацый можна знайсці выхад. Трэба толькі імкнуцца да гэтага”, — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.
За час, які прайшоў з іх лістападаўскай сустрэчы, стала вядома пра размову Нікаласа Мадуры і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. СМІ пісалі, што Мадуру было прапанавана пакінуць Венесуэлу. Ён быў гатовы сыходзіць праз 1,5 года, але амерыканскі бок гэта, нібыта, не задаволіла. У канцы лістапада і пачатку снежня ЗША працягнулі нарошчваць ціск на Венесуэлу. У сераду Дональд Трамп абвясціў аб захопе падсанкцыйнага танкера з нафтай ля берагоў Венесуэлы.
Да гэтага Пентагон абвясціў аб правядзенні аперацыі супраць наркатрафікантаў. Былі знішчаны судны, што перавозілі забароненыя рэчывы. У прэсе пастаянна абмяркоўваецца верагоднасць наземнай аперацыі ЗША ў Венесуэле. Сам Дональд Трамп не выключыў удараў па наземных аб’ектах наркакартэляў.