Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка хоча, каб аграрыі далі яму 12 млн т ураджаю сёлета.
«Цяпер трэба ўбраць хлеб. У цэлым па краіне павінен быць не ніжэй за ўзровень мінулага года. Калі 12 млн тон дасце — гэта будзе вялікае дасягненне», — сказаў ён падчас паездкі ў Брэст.
Нагадаем, летась Мінсельгасхарч адсправаздачыўся аб зборы 11 млн т з улікам збожжавых, кукурузы і рапсу. Гаворка ідзе пра бункерную вагу. Паводле даных Белстата, летась у вазе пасля дапрацоўкі было атрымана амаль 9,15 млн т збожжавых і зернебабовых, а таксама 910,3 тыс. т рапсу.
Лукашэнка таксама сёння не абышоўся без згадкі пра дысцыпліну, якая, паводле яго слоў, добрая толькі там, дзе ён праехаў.
«Усё можам, калі ёсць дысцыпліна. Дзе прэзідэнт праехаў, там добра. Але я ж не ўсюды бываю. Самая вялікая праблема — адсутнасць тэхналагічнай дысцыпліны. Усё мы ўмеем рабіць, калі ёсць дысцыпліна. Усё можам, калі ёсць дысцыпліна.
А тыя, хто не захоча праявіць сябе на працы, той зможа праявіць сябе ў арміі.
Трэба наш народ прывучаць да дысцыпліны, хоць гэта і непапулярна з маіх вуснаў. Будзе дысцыпліна — мы ўсё зможам», — дадаў ён.