Лукашэнка расказаў пра “фальшывыя “Арэшнікі”

Аляксандр Лукашэнка ў Дрыбінскім раёне заявіў, што акрамя сапраўднага комплексу “Арэшнік”, ёсць яшчэ і “фальшывыя”. Таму паразіць яго будзе складана, калі краіны-суседзі лічаць яго “законнай мэтай”.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, падставай для яго каментарыя сталі заявы ўкраінскага боку, што ракетны комплекс “Арэшнік” НАТА павінна лічыць законнай мэтай.

“Гэта нават не інфанагода. Гэта глупства самае сапраўднае, і глупцы пра гэта гавораць. Я не кажу, што мы заўтра бахнем гэтым “Арэшнікам” па Вільні, Варшаве або па Кіеве. Барані бог. Гэта не наша задача. Нам трэба абараніць сваю краіну. А каб не бахнуў “Арэшнік”, вы да нас не лезьце. Ні з Украіны, ні з Польшчы, ні з Літвы, ні з Латвіі. Давайце па-чалавечы вырашаць пытанні”, — пачаў Лукашэнка з пагроз.

Ён таксама параіў суседзям “не бразгаць языком”.

“Няхай лічаць законнай мэтай. Яны ж абураліся, плакалі, цяпер прыціхлі — тое, што я лічу законнай мэтай для Узброеных Сіл Беларусі. Не пагражаю. Каб яны зноў гэта не выхапілі і не пачалі. Вы што, думаеце, калі яны законнай мэтай будуць лічыць аб’екты на тэрыторыі Беларусі, я буду спаць і назіраць. 70 км магу, 200 км. У нас ёсць, чым дастаць. Таму я б ім параіў не бразгаць языком і не вякаць. Лічаць “Арэшнік” законнай мэтай — калі ласка”, — працягнуў ён.

Пасля гэтага Лукашэнка вырашыў падкрэсліць, што трапіць па “Арэшніку” не так проста, бо гэта мабільны комплекс.

“Дзясятак фальшывых мэт. То-бок выйдзе на маршрут 10 машын. Зверху паглядзелі — дзесяць “Арэшнікаў”. А ён будзе адзін. Таму на любую атруту супрацьяддзе заўсёды знойдзецца. І мы зыходзім з гэтага. Так, гэта крыху даражэй. Дзякуй Пуціну — гэта асабіста яго дапамога. Я яго папрасіў — ён зрабіў. І прытым заплацілі за гэта грошы. Дзякуй! Але мы купілі гэтую зброю. І што, я ж не лічу законнай мэтай нейкую ўкраінскую батарэю пад Кіевам. Нават польскую і нямецкую. Нават калі яны на нас нацэлены”, — сказаў ён.

Нагадаем, пра заступленне “Арэшніка” на баявое дзяжурства было абвешчана ў канцы мінулага года. Мінабароны тады апублікавала відэаролік, на якім, праўда, не было ўласна пускавой устаноўкі, толькі дапаможныя машыны. Меркавана, база для “Арэшніка” створана ў Крычаўскім раёне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!