Фото: пресс-служба Лукашенко
Наступны этап праверкі гатоўнасці беларускіх Узброеных сіл будзе прысвечаны супрацьдзеянню беспілотнікам. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка, каментуючы ў Дрыбінскім раёне вынікі праверкі падраздзяленняў ВПС і ППА.
“Я павінен забяспечыць бяспеку свайго народа і сваёй дзяржавы. Таму мы і праводзім гэтыя пазапланавыя праверкі. Учора позна ўвечары далажыў Вальфовіч. Вярнуўся з палігона — правяралі ВПС і войскі ППА. Нядрэнна”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, цяпер трэба будзе праверыць і тэхніку, якая арыентавана на супрацьдзеянне беспілотнікам, у тым ліку сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
“Але я ж разумею: ВПС, ППА і ў нас зброя, якая ёсць, яны бачаць 2000 і вышэй. А ніжэй? Ніжэй у нас ёсць тэхніка, якую мы (РЭБ там і іншае) задзейнічаем. Ёсць. Зараз праверым гэтую частку. Супраць беспілотнікаў як змагацца? Ну так, мы не Украіна. Дзе там адна палосачка дрэў — схавацца няма дзе, стэп. У нас лясоў шмат, але, тым не менш, вось тут стаім. Калі б служба бяспекі вас не абараняла, вы нават не заўважылі б гэтага, маглі б бахнуць тут — і ўсё”, — сказаў ён.
Лукашэнка дадаў, што адпаведныя высновы будуць зроблены па заканчэнні вясны.
“Таму ўдасканальваем і ваенны складнік, нашу абарону. Тое ж вось, вясна скончыцца — зраблю адпаведныя высновы. Але ўсе пабеглі. Вы бачылі: і генералы, і палкоўнікі. Усе бягуць. А як на вайне? Я што, буду бегаць? А хтосьці будзе адпачываць? Не, хлопцы, хто наперадзе… Вось Горлаў (міністр сельскай гаспадаркі і харчавання — заўв.), ён пойдзе наперадзе штурмавіком, калі не пабудуе прафілакторый для цялят. Ну, будзе кіраваць ротай”, — сказаў ён.
“Пабудую і пайду”, — адгукнуўся Юрый Горлаў.
“Так, лепш пабудуй, а там ужо…” — адрэагаваў Лукашэнка.
Нагадаем, праверка па распараджэнні Лукашэнкі праводзіцца ў абыход Мінабароны. Заданні ўручаюцца камандзірам падраздзяленняў кіраўніцтвам сакратарыята Савета бяспекі.