Мінабароны Беларусі паказала «Арэшнік»

Міністэрства абароны апублікавала невялікі відэасюжэт, у якім, як сцвярджаецца, дэманструецца “рытуал заступлення на баявое дзяжурства рухомага грунтавога ракетнага комплексу «Арэшнік».

“Ракетны комплекс заступіў на баявое дзяжурства своечасова. Асабовы склад зладжаны, разлікі падрыхтаваны, баявое дзяжурства арганізавана і вядзецца ў адпаведнасці з кіраўнічымі дакументамі. Мы асвойваем новыя раёны патрулявання, праводзіцца разведка новых раёнаў. На іх праводзяцца планавыя заняткі ў адпаведнасці з пастаўленымі задачамі. У штодзённым і штотыднёвым цыкле праводзяцца заняткі па баявой падрыхтоўцы, па тактычнай падрыхтоўцы, тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы. Асабовы склад свой прафесіяналізм ужо даказаў на справе ў ходзе планавых заняткаў”, — кажа ў роліку ананімны намеснік камандзіра вайсковай часткі Узброеных сіл РФ.

Паведамляецца, што перад заступленнем на баявое дзяжурства спецыялісты баявых разлікаў пуску, сувязі, аховы і энергазабеспячэння, а таксама механікі-вадзіцелі прайшлі перападрыхтоўку на сучасных вучэбна-трэніровачных сродках.

“Пасля прывядзення комплексу ў гатоўнасць да выкарыстання па прызначэнні і праверкі яго сумеснай комплекснай групай, ракетны дывізіён «Арэшнік» прыступіў да выканання задач баявога дзяжурства ў прызначаных раёнах на тэрыторыі нашай краіны.

Комплекс здольны паражаць цэлі на далёкасцях да 5000 км, можа аснашчацца як звычайнай, так і спецыяльнай баявой часткай, выконваць пускі з любой кропкі маршруту баявога патрулявання”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны.

Скрыншот відэа
Скрыншот відэа
Скрыншот відэа
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!