Павел Дуров. Скриншот видео @TuckerCarlson
ФСБ Расіі абвясціла аб выстаўленні абвінавачання стваральніку Telegram Паўлу Дураву. Паводле версіі расійскай спецслужбы, ён аказвае садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці.
“Кіраўніку адміністрацыі Telegram П. Дураву выстаўлена абвінавачанне ў рамках крымінальнай справы, якая расследуецца па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 1.1 арт. 205.1 (“Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці”) КК Расіі, ён аб’яўляецца ў міжнародны вышук”, – гаворыцца ў заяве ФСБ.
Абвінавачанне аргументуецца тым, што месенджар не выдаляе “шматлікія каналы, чаты і боты гэтага месенджара, якія актыўна выкарыстоўваюцца ўкраінскімі спецслужбамі, тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі арганізацыямі для падрыхтоўкі і каардынацыі ў Расійскай Федэрацыі дыверсійна-тэрарыстычных актаў, масавых забойстваў, ажыццяўлення кібермахлярскай дзейнасці”.
Крымінальную справу ў дачыненні да Дурава завялі ў лютым гэтага года. Тады ж Раскамнагляд пачаў запавольваць працу месенджара ў РФ.
Пасля выстаўлення абвінавачання Дурава абвясцілі ў міжнародны вышук.
Трэба адзначыць, што, абвінавачваючы Дурава ў садзейнічанні тэрарыстычнай дзейнасці, ФСБ Расіі сама актыўна выкарыстоўвае яго месенджар для вярбоўкі шпіёнаў і выканаўцаў дыверсій у Еўропе, на што ўказваюць матэрыялы крымінальных спраў, якія расследуюцца ў краінах Еўрасаюза.