Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка хоча, каб Алжыр быў апорнай краінай для беларускага супрацоўніцтва ў Афрыцы. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага народнага сходу Алжыра Ібрагімам Бугалі.
“Мы абсалютна адкрытыя для вашай краіны. І вельмі хацелі б мець з вамі прасунутыя, сур’ёзныя адносіны, можа быць, найлепшыя з усіх краін Афрыкі.
Вы ведаеце, што ў Паўночнай, Цэнтральнай, Паўднёвай Афрыцы ёсць краіны, на якія мы спрабуем абаперціся, супрацоўнічаючы з вашым Афрыканскім рэгіёнам. Было б вельмі някепска, калі б адной з такіх краін быў Алжыр”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Лукашэнка нагадаў госцю пра свой візіт у Алжыр у снежні 2025 года і перамовы з прэзідэнтам гэтай краіны Абдэльмаджыдам Тэббунам.
«Будучы ў вас і ведучы перамовы з вашым прэзідэнтам, я пераканаўся, што нашы эканомікі абсалютна спалучальныя і мы можам вам прапанаваць тое, чаго ў вас няма. Вы ж, у сваю чаргу, можаце нам дапамагчы ў развіцці тых напрамкаў, у якіх мы вельмі маем патрэбу», — дадаў ён.
Лукашэнка таксама зрабіў некалькі кампліментаў алжырскаму прэзідэнту і папрасіў перадаць яму самыя добрыя і цёплыя пажаданні. Ён таксама нагадаў пра план супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Алжырам.
“Вельмі хацелася б, каб гэтыя мерапрыемствы, па-першае, былі рэалізаваныя. Па-другое, сталі фундаментам нашых адносін. Калі пачынаем выбудоўваць адносіны з нейкай краінай, вы ці мы заўсёды гаворым пра нейкія якарныя, значныя праекты. Такія праекты вызначаныя. Вельмі разлічваю на тое, што парламентарыі Алжыра сур’ёзна падключацца да рэалізацыі гэтых праектаў.
Як уплывовага чалавека ў Алжыры я прашу вас: паглядзіце на асобныя нашы вытворчасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Дзверы адкрытыя ўсюды. І зрабіце для сябе пэўныя высновы ў плане нашага далейшага супрацоўніцтва па стварэнні кааперацыйных прадпрыемстваў”, — сказаў Лукашэнка.
Бугалі ў сваю чаргу перадаў Лукашэнку прывітанне ад Тэббуна.
“Ваш візіт у снежні мінулага года меў вялікі грамадскі рэзананс і стаў пасланнем для алжырскага народа пра вашу зацікаўленасць ва ўмацаванні і развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах: эканоміцы, гандлі, сельскай гаспадарцы, навуцы і культуры.
Мы адчуваем, што існуюць вялікія магчымасці па павелічэнні тавараабароту, развіцці эканамічнага супрацоўніцтва, стварэнні сумесных вытворчасцей, каб служыць на карысць народаў нашых краін”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, Алжыр мае патрэбу ў беларускім досведзе ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, фармацэўтыцы.