Фота: aortasocialartgallery
У галерэі сацыяльнага мастацтва AORTA італьянскага горада Піза адкрылася выстава Уладзіміра Цэслера пад назвай Sugar Free. Выстава без «культурнага цукру», без прытворства, што сімвалы недатыкальныя і што адчувальныя тэмы павінны заставацца табу. Іронія можа ахапіць усё, і гэта дазваляе ясней бачыць і перажываць сацыяльныя рэаліі сучаснага свету, – паведамляе анатацыя.
Частка выставы мае віртуальнае пашырэнне: выбраныя працы прадстаўлены ў 3D і ўнутры віртуальнай выставачнай прасторы.
«У VR-пласце можна ўбачыць іншыя, яшчэ больш правакацыйныя працы побач з фізічнымі творамі, і выпадковых элементаў там няма, усё звязана паміж сабой. Там жа «з’яўляецца» і 5-метровая статуя Давіда як яшчэ адно вымярэнне свету Цэслера.
Унутры віртуальнай прасторы можна не толькі назіраць, але і ствараць сваю ўласную рэальнасць, дадаючы ў яе свае элементы. А ў прасторы AORTA можна пакідаць сляды ўжо ў фізічным свеце на сценах галерэі. І больш за тое, забіраць гэты след з сабой», – піша куратарка Надзея Наўроцкая.
Выстава, размешчаная па адрасе Corso Italia 146, Піза, будзе працаваць да 28 чэрвеня.