Літоўскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну 34 мігрантаў

Літоўскія памежнікі за панядзелак затрымалі і выдварылі з краіны 34 мігрантаў, якія паспрабавалі перайсці мяжу з боку Беларусі.

Гэта самы вялікі сутачны паказчык у гэтым годзе. Усе затрыманыя не мелі пры сабе дакументаў. Яны прадстаўляліся грамадзянамі Афганістана, Алжыра, Эрытрэі, Пакістана і Самалі. Сярод затрыманых былі дзве жанчыны.

Большасць мігрантаў была спынена ў Варэнскім раёне на тэрыторыі Чапкеляйскага запаведніка. Тут у балотнай мясцовасці адсутнічае памежнае загароджанне. Літоўскі бок спадзяецца толькі на датчыкі і сістэмы відэаназірання.

Паводле даных літоўскай памежнай службы, з пачатку года была спынена 251 спроба парушэння мяжы ў Латвіі, 169 — у Літве і 132 — у Польшчы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!