Лаўроў прыехаў у Мінск канапаціць «зазоры»?

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў пра спробы нейкіх сіл убіваць кліны паміж Масквой і Мінскам. Мабыць, гэта было папярэджаннем, гэткай «чорнай меткай», якую расійскі міністр прывёз Аляксандру Лукашэнку.

Зазоры і кліны

На сумеснай прэс-канферэнцыі з беларускім калегам Максімам Рыжанковым Лаўроў паведаміў, што бакі «абмяняліся меркаваннямі па ключавых праблемах, якія стварае Захад».

Затым прагучаў галоўны фрагмент паслання: «У нас адзіная пазіцыя: мы саюзнікі, мы верныя нашым саюзніцкім абавязацельствам, бачым задумы тых, хто спрабуе шукаць зазоры ў нашых падыходах, убіваць кліны, як па-руску кажуць, і будзем працягваць тое, пра што дамовіліся і што ўхвалена нашымі народамі», — заявіў кіраўнік МЗС РФ.

На сустрэчы з Лукашэнкам Лаўроў канкрэтызаваў праблему, згадаўшы «ініцыятыву Брытаніі, Францыі, Германіі». Паводле слоў Лаўрова, лідарамі гэтых дзяржаў быў выстаўлены Расіі «ультыматум з пяці пунктаў». А таму Маскве ёсць што абмеркаваць з Лукашэнкам, паколькі гэта «наўпрост датычыцца Саюзнай дзяржавы».

Нагадаем, у маі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра імкненне Кіева прыцягнуць да перамоваў з РФ Германію, Францыю і Вялікабрытанію. І ўжо 7 чэрвеня Зяленскі сустрэўся ў Лондане з прэм’ер-міністрам Кірам Стармерам, прэзідэнтам Эманюэлем Макронам і канцлерам Фрыдрыхам Мерцам. Па выніках сустрэчы была прынята сумесная заява, у якой абазначаны пяць умоў, неабходных, на думку лідараў гэтых дзяржаў, для дасягнення «справядлівага і трывалага міру».

А менавіта:

  • неадкладнае і поўнае спыненне агню;
  • адпраўным пунктам для перамоваў павінна стаць цяперашняя лінія судакранання;
  • пасля ўступлення ў сілу перамір’я Украіна павінна атрымаць надзейныя і юрыдычна абавязковыя гарантыі бяспекі на аснове абавязацельстваў, узятых у Берліне ў снежні 2025 года і ў Парыжы ў студзені 2026 года — гэта ўключае разгортванне шматнацыянальных сіл ва Украіне;
  • расійскія актывы застануцца замарожанымі, пакуль РФ не спыніць вайну і не кампенсуе Украіне страты;
  • у любым мірным пагадненні павінны быць абароненыя еўрапейскія інтарэсы ў сферы бяспекі: элементы перамоваў, якія датычацца ЕС і НАТА, запатрабуюць згоды адпаведна краін — членаў ЕС і НАТА.

Гэтыя пяць пунктаў еўрапейскія лідарамі цяпер маюць намер абмеркаваць з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на саміце G7, які стартаваў сёння ў французскім Эвіяне. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін учора паразмаўляў з Трампам па тэлефоне. Цалкам магчыма, што адной з мэтаў гэтай размовы магло быць імкненне Крамля заблакаваць спробу еўрапейскіх лідараў стаць бокам перамоўнага працэсу пра мір ва Украіне.

Масква катэгарычна супраць еўрапейскіх ініцыятыў. Як і іх прысутнасці за сталом перамоваў. «Еўрапейцы ў цяперашняй сітуацыі робяць памылковыя высновы пра тое, што РФ цяпер прайграе, а Украіна перамагае, таму можна выстаўляць ультыматумы ў надзеі на тое, што Расія гэтыя ультыматумы прыме», — заявіў сёння міністр Лаўроў.

І вось на фоне гэтых падзей Лаўроў і прыехаў у Мінск. Заявіўшы пры гэтым пра «зазоры» ў падыходах Масквы і Мінска і пра нейкія спробы «ўбіваць кліны» паміж імі. Што ж мог мець на ўвазе расійскі міністр?

Небяспечныя сувязі

Безумоўна, гэта і тэлефанаванне Лукашэнку прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. І наступны за ім, афіцыйна не пацверджаны, але цалкам верагодны візіт у Мінск генеральнага дырэктара Галоўнага ўпраўлення знешняй бяспекі Францыі Нікаля Лернера. Расійскі МЗС недаўмяваў — чаму Макрон шукае кантакт з Расіяй праз Лукашэнку? Але што, калі кантакт з Масквой — трэцярадная мэта гэтай размовы, і ў еўрапейцаў зусім іншыя планы адносна беларускага палітыка?

І, вядома ж, перамовы Мінска з Вашынгтонам, якія працягваюцца, вынікам якіх ужо стала зняцце з беларускага рэжыму шэрагу амерыканскіх санкцый. Нягледзячы на паўзу, кантакты з адміністрацыяй ЗША, мяркуючы па ўсім, працягваюцца. Прынамсі, спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл заявіў, што неўзабаве можа зноў прыехаць у Мінск.

Вядома, гэта раздражняе Крэмль. У ягоным уяўленні сатэліт не мае права самастойна выбудоўваць знешнюю палітыку. Ён павінен беспярэчна трымацца лініі сюзерэна. На дыялог афіцыйнага Мінска з Вашынгтонам у Маскве яшчэ былі гатовыя глядзець скрозь пальцы — тут і «дух Анкарыджа», і надзея на спецыфічную манеру Трампа праводзіць сваю палітыку. А вось кантакты з еўрапейцамі, якія выставілі свае пяць умоў, прадказальна выклікалі гнеўную рэакцыю расійскага кіраўніцтва. І наступствы ў выглядзе міністра Лаўрова не прымусілі сябе чакаць.

«Будзем працягваць»

Раздражненне Масквы цалкам магла выклікаць і тое, як апошнім часам змянілася рыторыка Аляксандра Лукашэнкі. На пазамінулым тыдні, выступаючы на цырымоніі адкрыцця XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне, палітык заявіў, што ні з кім не збіраецца ваяваць.

«Галоўнае, што я хачу вам сказаць: калі вам нехта навязвае ідэю, што мы ваякі, не мірныя людзі, — не верце. Мы ні з кім не збіраемся ваяваць — толькі сяброўства», — заявіў Лукашэнка.

У інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya English Лукашэнка паведаміў, што, на яго думку, расійска-ўкраінскую вайну можна завяршыць ужо ў гэтым годзе. Пры гэтым не падобна, што за адведзены беларускім палітыкам час Расіі ўдасца дасягнуць усіх заяўленых ёю мэт. Лукашэнка нібы паўтарае за еўрапейскімі лідарамі — давайце хутчэй заканчваць вайну. Нават калі пры гэтым яго саюзнік — Пуцін будзе вымушаны задаволіцца тым, што яму ўсё ж удалося адкусіць ад Украіны.

Танальнасць прамоў беларускага палітыка стала значна больш міралюбнай, чым раней. Розніцу немагчыма не заўважаць — Пуцін упарта працягвае казаць зусім супрацьлеглае.

Відавочна, што Лукашэнку ад вайны, якая працягваецца, цяпер больш шкоды, чым карысці. Сітуацыя складваецца такім чынам, што адседзецца ўбаку становіцца ўсё цяжэй. Палітык разумее — калі ад яго запатрабуюць большага, гэта пагражае праблемамі. Ды і з эканамічнага пункту гледжання прыбытак ад вайны і падтрымкі РФ перастаў быць безумоўна прывабным. У хуткую перамогу Расіі таксама верыцца з цяжкасцю. Самы час паспрабаваць дыстанцыявацца.

І ў Маскве, падобна, адчулі — найбліжэйшы саюзнік гатовы даць слабіну. Паспрабаваць дамовіцца да ўласнай выгады за спінай Крамля. Вось Лаўроў і прыбыў, каб паведаміць Лукашэнку — у Расіі ўсё бачаць і ўсё разумеюць. Вось табе «чорная метка», падумай пра свае паводзіны, пакуль яшчэ не прынятыя адпаведныя меры.

«Будзем працягваць тое, пра што дамовіліся», — акрэсліў расійскі міністр рамкі для беларускага палітыка. Даўшы зразумець, што выхад за межы дазволенага будзе мець наступствы. Верагодна, перадача падобнага паслання і стала галоўнай мэтай прыезду Лаўрова ў Мінск.

Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»

***

Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!