Николай Лукашенко. Фото: БелТА
Аляксандр Лукашэнка падчас справаздачы ўрада за 2025 год вярнуўся да тэмы адключэння асвятлення і распавёў, як яго за гэта насварыў малодшы сын Мікалай.
Нагадаем, 3 лютага Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, як уключаецца і адключаецца вулічнае асвятленне. Ён запатрабаваў, каб святло загаралася ў 20:00 і выключалася ў 8:30 раніцы. Пры гэтым захад у гэты час быў у 17:54, усход — у 8:53. Ужо на наступны дзень чыноўнікі выканалі патрабаванне, уключыўшы асвятленне ўвечары на гадзіну пазней. Гэта выклікала масавую незадаволенасць у сацсетках.
Праз некалькі дзён Лукашэнка вярнуўся да тэмы і абурыўся тым, што Беларусь параўналі з Украінай з-за цемры. «Ну а потым думаю: адкуль жа тэма ўзялася? ІПСА беглых. Гэта ж яны адтуль закінулі — з космасу — і з Украінай параўналі. Ды куды нас з “дэмакратычнай” Украінай, “таталітарную” дзяржаву, параўноўваць. Думаць жа трэба, што робяць», — заявіў ён 6 лютага.
Сёння высветлілася, што спадарожнікавыя фота Беларусі паказаў яму Мікалай.
«Падсвяцілі, сказаў — разбярыцеся. Яны ўзялі святло выключылі. Позна ўвечары Мінск пагрузілі ў цемру. Навошта? Я ж ад вас гэтага не патрабаваў. Дзе ж прыгожа? І усё гэта на прэзідэнта, на прэзідэнта абрынулася. Я ўжо прыходжу дадому, малы ўключае гэта. Ну навошта табе гэта, кажа. Гэта што, трэба было? Ну вось, Украіна кажа, вось Беларусь. Дзве дзіркі, кажа, у свеце. Цемра», — заявіў Лукашэнка.
Відаць, сярод водгукаў на рэжым асвятлення, якія прадставілі Лукашэнку, быў каментар кшталту «што ж ты, фраер, здаў назад», што яго моцна закранула.
«Яны ж іпсавалі: “А, гэты даў каманду, вось бачыце”. А потым, глядзіце, фраерам яны мяне назвалі — “адступіў”. Ды я і не наступаў і не адступаў. Ну так да якіх пор гэта будзе працягвацца?» — апраўдваўся Лукашэнка.
Віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў адказаў, што чыноўнікі стараюцца. Лукашэнка адзначыў, што могуць не старацца, але вынік павінен быць.
Лукашэнка назваў плюсы дыктатуры і запатрабаваў ратаваць эканоміку краіны.
«Нацыянальны банк і ўрад павінны выратаваць эканоміку. Тым больш мы можам. Хачу папярэдзіць, не запалохваючы нікога. Хачу, каб вы мяне пачулі. Я нікога не палохаю. Я з любым чалавекам магу працаваць. Магу з усімі працаваць тут. Магу, калі вы хочаце. Калі вы не хочаце — жорсткія будуць рашэнні.
Дыктатура, якую нават Трамп прызнаў, што яна патрэбная і карысная, яна заўсёды была патрэбная, калі ёсць адказнасць, а не тое, што як нас вучылі: падзел уладаў. Падзяліліся. А тыя, хто хацелі, кітайцы, выжыць, яны не дзялілі. Яны ўзялі, мабілізавалі і працавалі. А мы сёння, ну, 900 долараў заработная плата. Усё, хлопцы. Далей хто зможа, той няхай зарабляе. Мінімальную мы забяспечылі, каб нармальна існаваць. Далей трэба круціцца, вярцецца», — заявіў ён.
На сённяшняй справаздачы ўрада Лукашэнка таксама выказаў незадаволенасць работай віцэ-прэм’ера Наталлі Пяткевіч і кіраўніка Акадэміі навук Уладзіміра Караніка, палохаў чыноўнікаў 2020 годам, заявіў пра ціск на беларускую эканоміку з Захаду і Усходу і заявіў, што не давярае ўраду ў пытаннях фінансаў і эканомікі.