Коўл: Хочам, каб адносіны паміж Беларуссю і Літвой палепшыліся

ЗША хочуць, каб адносіны паміж Беларуссю і Літвой палепшыліся, заявіў спецпасланнік Дональда Трампа Джон Коўл пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, паведамляе БелТА.

Журналісты праўладных беларускіх СМІ задалі пытанне пра метэазонды, якія Літва называе пагрозай з боку Беларусі. «Наш прэзідэнт неаднаразова гэта абвяргаў, падмацоўваючы канкрэтнымі фактамі. Што вы думаеце на гэты конт?» — пацікавіліся прапагандысты.

Коўл заявіў, што чуе кіраўніцтва Літвы і прэзідэнтаў іншых краін. Паводле яго слоў, ЗША выступаюць з пэўнай місіяй і хочуць паляпшэння адносін паміж Мінскам і Вільнюсам.

«Працуючы з прадстаўнікамі Літвы, мы бачым сваю мэту. Мы выконваем у гэтым выпадку гуманітарную місію. Мы хочам, каб адносіны паміж Беларуссю і Літвой палепшыліся», — заявіў Коул.

Нагадаем, учора Коўл сустрэўся з прэм’ер-міністрам Літвы Інгай Ругінене. Яны абмеркавалі сітуацыю з бяспекай у рэгіёне, уключаючы метэазонды, нелегальную міграцыю і затрыманне літоўскіх грузавікоў у Беларусі, а таксама вызваленне беларускіх палітвязняў.

Таксама ўчора адбылася сустрэча Коўла з трыма літоўскімі дэпутатамі, якія прадстаўлялі пазіцыю, што не супадае з пазіцыяй літоўскага ўрада. На ёй абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з метэазондамі, грузавікамі, што засталіся ў Беларусі, і санкцыямі на калій.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!