Фото: t.me/minskenergo
У Беларусі працягваюцца аварыйна-аднаўленчыя работы пасля праходжання навальнічнага фронту і шквалістага ветру, якія прывялі да масавых адключэнняў электраэнергіі.
Паводле даных Міністэрства энергетыкі, парушэнні электразабеспячэння зафіксаваныя ў 438 населеных пунктах. Найбольш складаная сітуацыя складваецца ў Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. У Мінскай вобласці без электразабеспячэння застаюцца 295 населеных пунктаў.
Пашкоджанні закранулі галоўным чынам размеркавальныя сеткі напружаннем 10 кВ — адключаны 95 ліній электраперадачы.
Да ліквідацыі наступстваў стыхіі прыцягнуты 180 аварыйна-аднаўленчых брыгад. У Мінскую вобласць накіраваны дадатковыя спецыялісты з Брэсцкай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
Асаблівую ўвагу энергетыкі надаюць аднаўленню электразабеспячэння сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, задзейнічаных ва ўборачнай кампаніі.
Найбольш складаная абстаноўка захоўваецца ў Вілейскім раёне, дзе непагадзь закранула 172 населеныя пункты. Тут пашкоджаны 20 ліній электраперадачы напружаннем 10 кВ, зафіксаваныя пашкоджанні апор і масавыя падзенні дрэў. Аднаўленчыя работы вядуцца сумесна з падраздзяленнямі МНС.
У Вілейскім раёне працуюць больш за 20 аварыйна-аднаўленчых брыгад, таксама прыбываюць спецыялісты з іншых рэгіёнаў краіны.
Дапоўнена:
Па стане на 10:45 аднаўленчыя работы вядуцца ў 214 населеных пунктах Мінскай вобласці, паведамілі ў «Мінскэнерга». Па вобласці задзейнічаны 85 аварыйных брыгад з 312 спецыялістаў, 125 адзінак спецыялізаванай тэхнікі і 16 перасоўных дызельных электрастанцый. Найбольш складаная абстаноўка захоўваецца ў Вілейскім раёне, які застаецца найбольш пацярпелым з-за маштабаў пашкоджанняў сетак. Электразабеспячанне на бягучы момант адсутнічае ў 146 населеных пунктах раёна.