Страты «Белкаапсаюза» выраслі ў 11 разоў

Страта арганізацый гандлю «Белкаапсаюза» ў першым паўгоддзі вырасла ў 11 разоў. Такія даныя на нарадзе па пытаннях сельскага гандлю прывёў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, праца спажыўкааперацыі, якая з’яўляецца самай буйной рознічнай сеткай на сяле, застаецца неэфектыўнай.

Лукашэнка адзначыў, што ў першым паўгоддзі чыстая страта «Белкаапсаюза» склала 16,4 млн рублёў. Яна павялічылася ў 11 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Таксама адзначаецца вялікая крэдыторская запазычанасць арганізацый. На 1 ліпеня пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць склала 86 млн рублёў.

Ён таксама спаслаўся на даныя Камітэта дзяржкантролю, які за паўгода праверыў 1021 гандлёвы аб’ект на сяле і ў 90% выпадкаў знайшоў парушэнні.

«Пратэрміноўка, тухляціна і іншае. Гэта проста абуральна і недапушчальна», — адрэагаваў Лукашэнка.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, ён адрасаваў старшыні праўлення «Белкаапсаюза» Інэсе Караткевіч два пытанні: хто вінаваты і што рабіць.

Ён таксама нагадаў, што іншыя гандлёвыя сеткі павінны «дзяліцца» прыбыткамі, атрыманымі ў буйных гарадах, і падтрымліваць сяло.

«У Мінску і абласных цэнтрах крам і гандлёвых цэнтраў поўна, і канкурэнцыя там высокая. А вось вяскоўцы зусім не распешчаныя», — сказаў ён.

«Прасцей кажучы, хочаш збіраць вяршкі і прыбытак у вялікіх гарадах і сталіцы — вазьмі на сябе адказнасць і за аддаленыя вёсачкі», — дадаў Лукашэнка.

Трэба адзначыць, што год таму Аляксандр Лукашэнка ўжо ладзіў разнос «Белкаапсаюзу», звяртаючы ўвагу на страты ад гандлю, непамерныя заробкі кіраўніцтва арганізацыі і скарачэнне колькасці гандлёвых аб’ектаў, нягледзячы на падтрымку дзяржавы.

Сёння Лукашэнка зноў паставіў задачу сцерці адрозненні паміж горадам і вёскай.

«Я ўважліва назіраю за тым, як жывуць нашы людзі ў рэгіёнах — жыллё, праца, сацыяльныя аб’екты. Праца ў мяне такая.

Перад вертыкаллю ўлады стаіць задача — зрабіць так, каб максімальна сцерці адрозненні паміж горадам і вёскай. Але сцерці так, каб не сцерлі вёску. Для гэтага мы развіваем апорныя сельскія населеныя пункты — аграгарадкі і буйныя вёскі», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!