Кліп Ягора Крыда правераць на адмаўленне генацыду беларускага народа
Рэдакцыя Reform.news · 23 кастрычніка 2026, 13:17
https://reform.news/be/klip-jagora-kryda-praverac-na-adma-lenne-genacydu-belaruskaga-naroda/Генпракуратура Беларусі папрасіла Следчы камітэт праверыць кліп “Мілы ўблюдак” расійскага спевака Ягора Крыда на наяўнасць прыкмет злачынстваў.
Нагодай стаў лонгсліў артыста са стылізаванай выявай галоўнага героя фільма Элема Клімава «Ідзі і глядзі». Дызайнеры выкарысталі постар фільма, дадаўшы да партрэта героя татуіроўкі, пірсінг і надпіс «Маркіроўка дыстанцыі».
“Дэманстрацыя кліпа выклікала шырокі грамадскі рэзананс і атрымала негатыўную ацэнку ў розных сацыяльных сетках і месенджарах. Генеральная пракуратура прапанавала Следчаму камітэту даследаваць выкладзеныя абставіны на наяўнасць прыкмет распальвання сацыяльнай варожасці або розні, рэабілітацыі нацызму, адмаўлення генацыду беларускага народа, а таксама іншых злачынстваў”, – заявілі ў Генпракуратуры.
Сам Крыд папрасіў прабачэння за лонгсліў. Ён заявіў, што не глядзеў фільм «Ідзі і глядзі» і не чуў пра яго, таму не ведаў, што выява на адзенні заснаваная на яго постары. Паводле слоў спевака, для яго гэта была «проста дызайнерская рэч, якая вісела на паліцы ў свабодным продажы» і ён не ўкладваў у свой вобраз «ніякага палітычнага або гістарычнага пасылу».
«Памяць пра Вялікую Айчынную вайну і трагедыю, якую перажылі людзі, для мяне святая. Гэта наша агульная гісторыя, да якой я заўсёды буду ставіцца з павагай», – заявіў музыкант.
Пасля скандалу выяву ў афіцыйным кліпе Крыда заблюрылі, а сам лонгсліў прыбралі з продажу ў інтэрнэт-краме.

