Reform.news

Лукашэнка даручыў КДК разабрацца з БЧ і “Штадлер Мінск”

Рэдакцыя Reform.news · 23 кастрычніка 2026, 12:18

https://reform.news/be/lukashjenka-daruchy-kdk-razabracca-z-bch-i-shtadler-minsk/

Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю разабрацца з Беларускай чыгункай і працай прадпрыемства “Штадлер Мінск”. Нагода – нездавальняючыя вынікі працы вытворцы рухомага саставу.

“Не буду падрабязна спыняцца на гісторыі гэтай кампаніі ў нашай краіне і абяцаннях уласнікаў, якія пакуль не выкананыя. Карціна такая, што на сённяшні дзень праца акцыянернага таварыства “Штадлер Мінск” не прыносіць належных вынікаў. Стварэнне беларускага цягніка да стадыі вытворчасці так пакуль і не дайшло”, – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Ён адзначыў рост вытворчых паказчыкаў прадпрыемства, але падкрэсліў, што яго магутнасці не загружаныя на 100%. На гэтым фоне Лукашэнка даручыў КДК разабрацца ў сітуацыі, якая склалася, у прыватнасці па выніках года ацаніць ролю Беларускай чыгункі, якая павінна спажываць прадукцыю прадпрыемства.

“І менш павінна быць размоў, што санкцыі, нешта цяжка купіць… Каму трэба, той купляе. Самае галоўнае – ва ўрада і Мінскага аблвыканкама сёння няма бачання перспектыў развіцця прадпрыемства”, – сказаў ён.

Нагадаем, швейцарская кампанія Stadler у мінулым дзесяцігоддзі адкрыла завод у Фаніпалі. Ён займаўся вытворчасцю цягнікоў метро і рухомага саставу для чыгункі. Аднак пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Stadler скараціў аб’ёмы вытворчасці ў Беларусі, а таксама перавёў частку персаналу на іншыя пляцоўкі. Цалкам сыходзіць з краіны кампанія не стала, як і прадаваць актыў.

Два гады таму беларускія чыноўнікі заяўлялі, што сумесна з двума расійскімі прадпрыемствамі прапрацоўваецца пытанне арганізацыі зборкі рухомага саставу на адным з прадпрыемстваў або стварэння «сумеснага таварыства для таго, каб аднавіць вытворчасць» на заводзе Stadler. Кіраўнік швейцарскай кампаніі Stadler Петэр Шпулер тады адмаўляў магчымую змену ўласніка завода.

Рэклама

Пакінуць адказ