Казку пра перамогу над штучным інтэлектам паказалі ў Мінску каля Палаца спорту

У Мінску каля Палаца спорту адбылася прэм’ера музычнага спектакля для дзяцей. Як пішуць «Мінск-Навіны», ён распавядае пра перамогу дабра над штучным інтэлектам.

Спектакль «Таямніца навагодняй паштоўкі» дэманструецца штодня з 25 снежня па 7 студзеня. Рэжысёрамі спектакля выступілі Наталля Русецкая і Алег Доўгіх.

«Напярэдадні Новага года злавесны лічбавы вірус Кібербайтар адпраўляе сваё лепшае тварэнне — ІІксіка — у свет людзей, каб навесці там новы парадак і пазбавіць людзей эмоцый. Для гэтага неабходна адшукаць і скрасці Галоўную паштоўку жаданняў.

Тым часам звычайныя дзеці Маша і Паша, хоць і не зусім разумеюць сэнс адпраўлення паштовак, вырашаюць падпісаць іх для ўсіх сваіх сяброў і блізкіх. Сустрэўшы ІІксіка, разам яны адпраўляюцца ў Краіну навагодніх паштовак. Паступова сардэчнасць рабят растаплівае нават нейроннае сэрца робата. Сустрэўшы новых казачных сяброў — снегавіка, ёлачку, каня, белага мядзведзя і іншых — дзеці праходзяць выпрабаванні, з якімі не справіўся нават усемагутны «Гугл у дапамогу».

Знайшоўшы паштоўку, Маша і Паша вырашаюць перапісаць з яе найлепшыя пажаданні для сваіх сяброў — бо калі падзяліцца імі з блізкімі, добрыя словы стануць яшчэ мацнейшымі. Планы сяброў у апошні момант паспрабаваў разбурыць злыдзень Кібербайтар — але згінуў, не вытрымаўшы занадта вялікай канцэнтрацыі дабра і навагодняга настрою», — апісвае сюжэт спектакля гарадское выданне.

«Таямніца навагодняй паштоўкі» — не адзінае прадстаўленне, якое даюць у святочныя дні на вуліцах беларускай сталіцы. Ёсць яшчэ дзве пастаноўкі. «Сакрэт навагодняга настрою» пачынаецца ў 17:30 і ў 20:00 на сцэне каля канцэртнай залы «Верхні горад», а «Навагоднія гісторыі Ракаўскага дворыка» — у 18:00 на аднайменнай пляцоўцы.

Фота: Мінск-Навіны
Фота: Мінск-Навіны
🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!