Касцёл гарыць у аграгарадку Сапоцкіна пад Гродна
Рэдакцыя Reform.news · 14 снежня 2025, 10:38
https://reform.news/be/kascjol-garyc-u-agragaradku-sapockina-pad-grodna/(Абноўлена) Касцёл Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча гарыць у аграгарадку Сапоцкіна Гродзенскага раёна, піша Newgrodno.by. Паводле паведамленняў відавочцаў, узгаранне пачалося каля 7 гадзін раніцы 14 снежня.
На месца прыбылі некалькі пажарных разлікаў. Ратавальнікі працуюць на месцы здарэння, лакалізуючы агонь і прадухіляючы яго распаўсюджванне. Інфармацыя пра прычыны і маштабы здарэння ўдакладняецца.
Дапоўнена:
Па прыбыцці падраздзяленняў МНС дах будынка быў ахоплены полымем. Паводле папярэдняй інфармацыі ведамства, людзей на момант здарэння ў касцёле не было. Узгаранне лакалізавана. На месцы працягваюць працаваць 16 адзінак тэхнікі МНС, 47 чалавек асабовага складу.
Касцёл Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча — рымска-каталіцкі храм, пабудаваны ў 1935—1939 гадах з цэглы. Помнік эклектычнай архітэктуры са стылізаванымі элементамі готыкі, барока і класіцызму.
