Елена Лазарчик. Источник фото: spring96.org
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын зарэгістраваў скаргу арганізацыі Respect-Protect-Fulfill на дыскрымінацыю палітвязынкі Алены Лазарчык і заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць меры для яе абароны.
Камітэт запатрабаваў забяспечыць Лазарчык доступ да медыцынскай дапамогі ва ўстанове па-за межамі турмы, гарантаваць неадкладны доступ да адваката і належныя ўмовы ўтрымання пад вартай. Забеспячальныя меры з’яўляюцца абавязковымі да выканання.
Як паведамляюць у арганізацыі, Алена мае праблемы са здароўем, моцна схуднела, таксама мае сур’ёзныя праблемы з зубамі, пазбаўленая пасылак, грашовых пераводаў і званкоў.
Юрысты Respect-Protect-Fulfill звярнуліся ў КЛДЖ з просьбай прыняць па справе забеспячальныя меры. Камітэт пагадзіўся з довадамі і заклікаў Беларусь забяспечыць Алене «доступ да ўсебаковага медыцынскага абследавання і належнай медыцынскай дапамогі ў медыцынскай установе па-за межамі турмы, забяспечыць ёй неадкладны доступ да адваката і гарантаваць ёй належныя ўмовы ўтрымання пад вартай на час разгляду паведамлення Камітэтам».
Раней КЛДЖ прымаў аналагічныя меры па зваротах Respect-Protect-Fulfill у абарону Паліны Шарэнды-Панасюк, Марыі Калеснікавай і Вікторыі Кульшы.
Алена Лазарчык — актывістка «Еўрапейскай Беларусі». Яе затрымалі 30 снежня 2021 года, уключылі ў тэрарыстычны спіс КДБ і прысудзілі да 8 гадоў калоніі. Суд прызнаў актывістку вінаватай у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, абразе Лукашэнкі, распальванні варожасці, стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Яна ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі №24 у Гомельскай вобласці.
У красавіку мінулага года паведамлялася, што ёй дабавілі паўтара года калоніі па 411 артыкуле — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».