Янот, які прыбыў з Амерыкі ў кантэйнеры з аўто, знаходзіцца ў Ашмянскай ветстанцыі

Янот, які прыбыў з Амерыкі ў Беларусь у кантэйнеры з аўто, знаходзіцца ў Ашмянскай раённай ветэрынарнай станцыі, паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце. Жывёлу назвалі Сеня, з вечара 14 студзеня ён знаходзіцца пад назіраннем спецыялістаў.

Пасля 72 гадзін каранціну плануецца правесці неабходныя ветэрынарныя мерапрыемствы і вырашыць пытанне аб далейшым «месцы жыхарства» жывёлы.

«Ужо зразумела, што незвычайнаму «пасажыру» аўто, якое паступіла для афармлення ў Гродзенскую рэгіянальную мытню, з ежы найбольш спадабаліся курыныя яйкі. Да людзей Сеня ставіцца дружалюбна», — адзначылі ў ДМК.

Нагадаем, днямі паведамлялася, што гродзенскія мытнікі і супрацоўнікі «Белмытсэрвісу» выявілі янота падчас перагрузкі легкавых аўтамабіляў, дастаўленых марскім кантэйнерам з ЗША. Яго выявілі на ведамасным пункце мытнага афармлення Каменны Лог-ТЛЦ. Ён знаходзіўся на пярэдняй панэлі аднаго з аўтамабіляў. Мяркуецца, што жывёла магла забрацца ў кантэйнер яшчэ на этапе пагрузкі і затым разам з аўтамабілямі перасекчы Атлантыку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!