Маргарыта Ворыхава пакідае пасаду прадстаўніцы АПК па моладзевай палітыцы

Маргарыта Ворыхава сыходзіць з пасады прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па моладзевай палітыцы, якую займала з 2023 года. Яна збіраецца займацца пабудовай арганізацыйных і тэхналагічных асноў для беларускіх дэмсіл.

«Я даўно веру, што рух застаецца жывым толькі тады, калі ён абнаўляецца і адкрывае месца тым, хто сёння найбольш непасрэдна жыве ў беларускай рэальнасці. Але гэтае абнаўленне павінна абапірацца на досвед і настаўніцтва. Таму я заўсёды выступала за рэгулярную ратацыю прадстаўнікоў, за рэальны ўдзел моладзевых і грамадзянскіх арганізацый у выбары сваіх прадстаўнікоў і за тое, каб Каардынацыйная рада адкрыта і празрыста вяла працэс прызначэння на ключавыя пасады.

Я пакідаю пасаду прадстаўніцы па моладзевай палітыцы, каб заняцца больш шырокай задачай — будаваць арганізацыйныя і тэхналагічныя асновы, якія спатрэбяцца беларускім дэмакратычным сілам у найбліжэйшыя гады. Мы павінны мець інструменты і структуры, якія дазваляюць працаваць разам бяспечней, больш абаронена і больш эфектыўна ва ўмовах пастаяннага ціску. Гэта не крок убок ад руху, а крок да яго падмурка. Я хачу, каб беларускія дэмакратычныя сілы мелі такую ж якасць інструментаў і ведаў, якой карыстаюцца наймацнейшыя інстытуты свету, таму што нашы людзі заслугоўваюць не меншага», — заявіла Ворыхава.

Яна заявіла, што працягне падтрымліваць моладзевае прадстаўніцтва ў АПК.

Кандыдатуру на пасаду прадстаўніка АПК па моладзевай палітыцы прапануе Каардынацыйная рада. Затым яе павінна зацвердзіць кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская. Да гэтага часу выконваць абавязкі прадстаўніка будзе першы намеснік Ворыхавай Аляксей Грахоўскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!