Йорг Дорнау. Фото: facebook.com/AfD.Sachsen
Дэпутата ад папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрга Дорнау затрымалі сёння падчас пасяджэння ландтага ў Саксоніі. Паліцэйскія адвялі яго ў асобнае памяшканне для допыту, паведамляе Bild.
Сёння па хадайніцтве пракуратуры ландтаг галасаваннем зняў з Дорнау дэпутацкую недатыкальнасць.
Вобыскі праводзяцца на падставе пастановы ляйпцыгскага ўчастковага суда ў межах расследавання пракуратуры па падазрэнні ў абыходзе санкцый. Справа звязаная з пастаўкай у Беларусь пагрузчыка па схеме «ілжывы транзіт» у 2022 годзе.
«Падазраванаму ставіцца ў віну тое, што ў мытнай дэкларацыі ў жніўні 2022 года ён указаў Казахстан у якасці краіны прызначэння тэлескапічнага пагрузчыка, што не адпавядала рэчаіснасці, з мэтай схаваць забарону на экспарт у Беларусь — фактычную краіну прызначэння транспартнага сродку — шляхам выкарыстання транзітных дзяржаў. У далейшым транспартны сродак сапраўды быў вывезены ў Беларусь», — гаворыцца ў прэс-рэлізе пракуратуры.
Вобыскі ў памяшканнях ландтага або парламенцкіх фракцый не праводзяцца, удакладнілі ў пракуратуры.
Нагадаем, саксонскі дэпутат ад папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Ёрг Дорнау стаў вядомы шырокай публіцы пасля таго, як высветлілася, што ён выкарыстоўвае працу палітвязняў на сваёй цыбульнай ферме «Цыбулька-Бел» у Беларусі. У 2024 годзе пракуратура Ляйпцыга адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да Дорнау ў сувязі з працай на ферме палітвязняў, але прэзідыум ландтага Саксоніі аштрафаваў яго на 20 тысяч еўра за тое, што ён не праінфармаваў нямецкія ўлады пра свой беларускі бізнес.