Ёрга Дорнау аштрафавалі на 20 тысяч еўра з-за цыбульнай фермы ў Беларусі

Дэпутата ад папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрга Дорнау (Jörg Dornau) усё ж такі аштрафавалі за ўтойванне свайго бізнесу ў Беларусі — цыбульнай фермы «Цыбулька-Бел» пад Лідай. Але ён можа абскардзіць рашэнне.

У жніўні 2024 года штраф у дачыненні да Дорнау ў памеры 20 862 еўра наклаў прэзідыум парламента (ландтага) зямлі Саксонія. Парушэннем быў прызнаны той факт, што Дорнау ва ўстаноўлены законам тэрмін не праінфармаваў нямецкія ўлады, што валодае доляй кампаніі ў Беларусі і з’яўляецца там дырэктарам.

Дэпутат абскардзіў рашэнне. Ён сцвярджаў, што не абавязаны быў паведамляць пра ферму, а таксама лічыў штраф занадта высокім. 10 снежня Адміністрацыйны суд Лейпцыга пастанавіў, што рашэнне аб штрафе было законным. Дэпутат не паведамляў пра сваю долю ў беларускай кампаніі каля трох з паловай гадоў, а дэкларацыі падаў толькі пасля таго, як ландтаг ініцыяваў працэдуру ў дачыненні да яго, паведамляе Die Zeit.

Улічваючы плошчу сельскагаспадарчых угоддзяў (каля 1500 гектараў) і перыяд, на працягу якога Дорнау не паведамляў пра свой бізнес, суд палічыў, што дзеянні дэпутата не з’яўляюцца «менш цяжкім выпадкам» або нязначнай неасцярожнасцю і не могуць быць пакараныя толькі папярэджаннем.

Дорнау можа абскардзіць рашэнне суда ў Вышэйшым адміністрацыйным судзе Саксоніі.

Нагадаем, гісторыю пра цыбульную ферму Ёрга Дорнау першым расказаў Reform.news. Дорнау заключыў пагадненне з лідскім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) і рэгулярна прыцягваў беларусаў, асуджаных па палітычных артыкулах, да работ на сваёй цыбульнай плантацыі пад Лідай. Ім плацілі каля 5 еўра ў дзень. Дорнау асабіста правяраў працу палітвязняў. Тых, хто адмаўляўся працаваць на ферме, прыкоўвалі кайданкамі да батарэі.

Пракуратура Лейпцыга адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да Дорнау.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!