Стратэгічны дыялог з дэмсіламі і прымусовая дыпламатыя Трампа. У Кангрэсе прайшлі слуханні па сітуацыі ў Беларусі

У Кангрэсе ЗША адбыліся слуханні па правах чалавека ў Беларусі, яны былі праведзены ў Камісіі па правах чалавека Тома Лантаса. На слуханнях выступілі Сяргей Ціханоўскі, дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, а таксама дырэктар Freedom House у Літве Віціс Юрконіс.

Працягваць стратэгічны дыялог ЗША і беларускіх дэмсілаў

У сваім выступленні Дзяніс Кучынскі падзякаваў ЗША за намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў. Паводле яго слоў, за 18 месяцаў на волю выйшлі каля 300 чалавек. Разам з тым рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, а ўмовы ўтрымання палітвязняў становяцца горшымі, у тым ліку змяшчэнне ў неацяпляльныя штрафныя ізалятары падчас маразоў, падтрыманне рэжыму інкамунікада ў дачыненні да шэрагу палітвязняў, уключаючы палітыка Мікалая Статкевіча.

«У мінулым годзе я асабіста ўдзельнічаў ва ўсіх пяці групах вызвалення. Я бачыў, што значыць свабода пасля катаванняў. І ўсё ж новыя арышты працягваюцца кожны тыдзень. Лукашэнка вызваляе адных закладнікаў, а потым бярэ новых. Мы павінны працягваць працаваць разам, каб спыніць гэта», — канстатаваў Кучынскі.

Ён заклікаў амерыканскі бок актывізаваць намаганні па вызваленні ўсіх палітвязняў і спыненні рэпрэсій, у тым ліку транснацыянальных. Кучынскі таксама прапанаваў пашырыць гуманітарную дапамогу для палітвязняў, працягваць падтрымку дэмакратычных інстытутаў: Офіса Святланы Ціханоўскай, АПК, Каардынацыйнага савета.

На яго думку, ЗША павінны захоўваць ціск на афіцыйны Мінск праз санкцыі: любыя паслабленні павінны быць звязаныя з рэальнымі, правяраемымі паляпшэннямі ў Беларусі.

«Надзвычай важна, каб Злучаныя Штаты працягвалі стратэгічны дыялог паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі», — падкрэсліў ён.

«Лукашэнка хоча, каб свет паверыў, што сітуацыя ў Беларусі супакойваецца. У рэчаіснасці ж рэпрэсіі толькі ўзмацніліся. Мы павінны працягваць дзейнічаць рашуча, каб ратаваць жыцці, калі гэта магчыма.

І амерыканскі падыход сапраўды ратуе жыцці. Тым часам еўрапейскі падыход з жорсткімі санкцыямі застаецца найважнейшай гарантыяй выратавання краіны. Гэты баланс павінен заставацца скаардынаваным», — працягнуў ён.

Кучынскі падкрэсліў, што свабодная і суверэнная Беларусь адпавядае нацыянальным інтарэсам ЗША. Гэта будзе азначаць меншыя рызыкі для ўсходняга флангу НАТА і меншую прастору для антыамерыканскага ўплыву.

«Мы спадзяёмся на працяг партнёрства да таго часу, пакуль кожны палітычны зняволены не будзе вызвалены, рэпрэсіі не спыняцца, і Беларусь не вернецца да дэмакратыі», — падсумаваў ён.

Прымусовая дыпламатыя Трампа

Сяргей Ціханоўскі перад камісіяй распавёў пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах і калоніях. Ён падкрэсліў, што яго гісторыя не ўнікальная, але нельга абыходзіць увагай і іншых палітвязняў.

«Больш за тысячу палітычных зняволеных дагэтуль знаходзяцца ў беларускіх турмах. І сярод іх ёсць людзі, якіх Лукашэнка наўмысна хавае ад вас. Людзі, якіх ён ні пры якіх абставінах не хоча вызваляць. Людзі, чые тэрміны зняволення настолькі працяглыя, што яны ніколі не павінны былі быць адбытыя да канца», — сказаў Ціханоўскі.

Ён звярнуў увагу на былых суддзяў, следчых, прызнаных палітвязнямі, якія атрымалі працяглыя тэрміны і якіх Лукашэнка не жадае вызваляць.

Ціханоўскі адзначыў, што «прымусовая дыпламатыя пад кіраўніцтвам прэзідэнта Дональда Трампа» з’яўляецца рэальным варыянтам.

«Лукашэнка мае патрэбу ў прэзідэнце Трампе значна больш, чым прэзідэнт Трамп мае патрэбу ў Лукашэнку. Гэта дае велізарныя рычагі ўплыву Злучаным Штатам і спецыяльнаму пасланніку спадару Коўлу.

Мы ўжо бачылі, як гэтыя рычагі дзейнічаюць. Лукашэнка быў адным з першых, хто падпісаў пагадненне з нядаўна сфармаваным Саветам міру. Назіраць за тым, як беларуская прапаганда спрабуе растлумачыць гэты момант, было амаль сюррэалістычна: дробны дыктатар, які фальсіфікаваў усе выбары з 1996 года, раптам спрабуе выглядаць як міратворац сусветнага маштабу.

Лукашэнка — вельмі адчувальная палітычная істота. Ён разумее, хто сёння знаходзіцца пры ўладзе. Ён разумее, што амерыканская канцэпцыя „міру праз сілу“ пакідае мала месца для такіх злачынных рэжымаў, як яго ўласны. Яго размовы з „сябрам“ Мадура яшчэ свежыя ў яго памяці», — сказаў Ціханоўскі.

Ён таксама адзначыў, што Лукашэнка спрабуе прыцягнуць амерыканскі бізнес, прапаноўваючы яму калійныя ўгнаенні, цэнтры апрацоўкі дадзеных, а таксама хоча прадставіць сябе пасярэднікам паміж ЗША і Крамлём, а таксама іншымі аўтарытарнымі рэжымамі. На думку Ціханоўскага, гэта дае Вашынгтону велізарныя рычагі ўплыву, якія можна выкарыстоўваць мудра.

«Я не буду браць на сябе смеласць даваць прэзідэнту Трампу парады па выкарыстанні прымусовай дыпламатыі. Нам усім варта ў яго павучыцца.

Але магу сказаць наступнае: у спадара Коўла ўсе козыры ў руках.

Калі ў Вашынгтоне будзе палітычная воля, то можна будзе не толькі вызваліць усіх астатніх закладнікаў, але і настаяць на поўным спыненні палітычных рэпрэсій», — канстатаваў Ціханоўскі, дадаўшы, што ў яго ёсць дадатковыя рэкамендацыі, якія лепш абмяркоўваць у прыватным парадку.

Палітыка ЗША не павінна абмяжоўвацца толькі заклікамі да безумоўнага вызвалення

Дырэктар Freedom House у Літве Віціс Юрконіс канстатаваў, што, вызваліўшы палітвязняў у мінулым годзе, беларускія ўлады затрымалі не менш за 509 чалавек, якія былі прызнаныя палітвязнямі. Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што вызваленыя палітвязні вывозіліся з краіны без пашпартоў, што абмяжоўвае іх магчымасці для рэалізацыі сваіх правоў. Акрамя таго, Беларусь спыніла аказваць шэраг консульскіх паслуг сваім грамадзянам за мяжой, што таксама абмяжоўвае іх правы. Палітвязні, якія выходзяць на волю ў Беларусі па заканчэнні тэрміну, працягваюць сутыкацца з ціскам.

«На практыцы палітычныя зняволеныя выступаюць у ролі разменнай манеты для беларускіх улад. Затрыманні і выбарачныя вызваленні выкарыстоўваюцца для атрымання саступак — як толькі рэжым дасягае сваіх мэтаў, ён саджае ў турму ўсё больш людзей, абяцаючы Беларусі светлую будучыню. Па меры вызвалення адной групы людзей у турму трапляе ўсё больш. Вызваленні — гэта свайго роду здзелкі, закліканыя кіраваць ціскам без змены існуючай сістэмы.

Гэты падыход часта спалучаецца з наўмыснай эскалацыяй сітуацыі ў сферы бяспекі праз гібрыдныя правакацыі, уключаючы міграцыйны ціск і дэстабілізацыю межаў, за якімі ідуць частковыя адступленні, што затым падаюцца як саступкі. У выніку ўзнікае цыкл, у якім Беларусь, здаецца, прапануе супрацоўніцтва, захоўваючы пры гэтым поўны кантроль над тэрмінамі і маштабамі любых так званых жэстаў добрай волі. Пакуль міжнародныя гульцы занятыя ўрэгуляваннем штучна створаных крызісаў і пошукам абмежаваных саступак з боку Беларусі, Лукашэнка працягвае весці маштабную кампанію ўнутраных рэпрэсій супраць свайго народа, а Расія можа працягваць вайну супраць Украіны, уключаючы пастаянныя атакі на грамадзянскія аб’екты», — сказаў ён.

Віціс Юрконіс прапанаваў пацвердзіць падтрымку Святланы Ціханоўскай. Акрамя таго, на яго думку, ЗША павінны разглядаць практыку палітычнага зняволення ў Беларусі як пастаянную з’яву, а не адзінкавыя выпадкі.

«Гэта азначае пастаянную ўвагу да арыштаў, умоў утрымання пад вартай, вызваленняў і лячэння пасля вызвалення. Вызваленне вядомых зняволеных, хоць і мае значэнне, не здымае з рэжыму адказнасці за тысячы іншых, якія застаюцца за кратамі. Больш за тое, палітыка ЗША не павінна абмяжоўвацца толькі заклікамі да безумоўнага вызвалення. Неабходна забяспечыць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, а таксама зняцце ўсіх палітычна матываваных абвінавачванняў і гарантыі таго, што вызваленыя змогуць застацца ў краіне, а не быць вымушанымі эміграваць», — сказаў ён.

Юрконіс таксама лічыць неабходным дадаць значныя рэформы ў Беларусі. На яго думку, у якасці ўмовы зняцця санкцый з Беларусі павінна быць пастаўлена яе адмова ад падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне, вывад расійскіх вайскоўцаў і ядзернай зброі з беларускай тэрыторыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!