Скриншот видео
У МЗС лічаць, што сёння ўсе праблемы з плацяжамі з’яўляюцца вырашальнымі. Пра гэта ў Палаце прадстаўнікоў на семінары «Беларусь і Паўднёва-Усходняя Азія ў пошуках новых перспектыў супрацоўніцтва» заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч. Паводле яго слоў, выкарыстоўваюцца ў тым ліку нефармальныя спосабы вырашэння праблем.
«Прысутнічалі тыя тэмы, калі адмаўлялі ў правядзенні плацяжоў, альбо плацяжы былі, камплаенс па плацяжах, гэта значыць затрымка па плацяжах была нейкая неабгрунтавана працяглая, што, безумоўна, перашкаджала і пастаўкам, і нарошчванню экспарту, і ўвогуле не дастаўляла ніякага задавальнення з пункту гледжання эканомікі», — сказаў ён.
Лукашэвіч працягнуў даволі мудрагеліста, акцэнтуючы ўвагу на тым, што праблемы вырашальныя, хоць, мяркуючы па яго словах, не вырашаныя цалкам.
«Сёння мы ў 2026 годзе. Сказаць, што мы ўсіх пераканалі ў сваёй рацыі, было б, вядома, вельмі аптымістычна. Але мы з вамі пайшлі не толькі праз перакананне. Краіна пайшла, пайшлі нашы дэлегацыі, кіраўнікі нашых дэлегацый, у тым ліку і парламенцкія дэлегацыі, мы пайшлі і перакананнем, і пошукам альтэрнатыўных шляхоў правядзення гэтых плацяжоў. Сёння, вядома ж, я б з гэтай трыбуны хацеў сказаць, што ніякіх праблем не існуе. Але, напэўна, больш збалансавана будзе сказаць, што існуючыя ўскладненні, яны вырашальныя.
Вырашальныя, магчыма, не публічна вырашальныя, магчыма, не традыцыйна, як мы прывыклі, напрыклад, гадоў 20 таму, але яны вырашальныя.
То-бок для мяне гэта вельмі добры маркер адаптацыі нашай эканомікі, адаптацыі мыслення, функцыянальнага мыслення і нашага ўрада, і банкаўскага асяроддзя да тых умоў, якія ёсць. Можам доўга дыскутаваць: добрыя ўмовы, дрэнныя ўмовы, на карысць, не на карысць, але тое, што мы становімся мацнейшымі, тое, што гэтыя выклікі спрыяюць менавіта такой, ведаеце, сталасці нашай эканомікі і банкаўскай сферы. Заўсёды добра, калі ўсё добра, але на самай справе прафесіяналізм праяўляецца, калі ёсць элементы турбулентнасці.
Дык вось, адказваючы на гэтае пытанне, магчыма, так здалёк, у элементах турбулентнасці, у якіх мы з вамі знаходзімся, наша ацэнка як Міністэрства замежных спраў — што мы з гэтай сітуацыяй спраўляемся. Калі яна і не кіруемая цалкам, то яна з’яўляецца адаптацыйнай для прыняцця нашых рашэнняў. На сённяшні момант праблемы, якія ўзнікаюць, яшчэ раз скажу, яны вырашальныя», — заключыў ён.