Скриншот видео
Беларускія крыптабанкі будуць апераваць 26 крыптавалютамі. Пра гэта сёння заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Ягораў.
“Што датычыцца валют, каля 26 валют вызначана. Самыя папулярныя — біткоін, эфір (Ethereum), TON (Toncoin), SOL (Solana). Яны ўключаны ў пералік крыптавалют, якія можна выкарыстоўваць. Стэйблкоіны ўключаны. Адпаведна, пакуль мы бачым вось гэтыя 26 валют”, – сказаў ён, перадае БелТА.
Характэрна, што два тыдні таму Ягораў казаў пра “каля 25 відаў крыптавалют“, якія будуць дазволены крыптабанкам. Ён згадваў “як стэйблкоіны, так і класічныя біткоіны, эфір”.
Сёння ён таксама паведаміў, што крыптабанкам дазволяць 11 аперацый. У гэтым пераліку крыптаўклады, крыптазаймы, заклад крыпты, аперацыі стэйкінгу, трансфер крыпты ад адной фізічнай або юрыдычнай асобы іншай юрыдычнай або фізічнай асобе, магчымасць выпуску сваіх токенаў крыптабанкамі, абмен, захоўванне крыптавалюты і г.д. Паводле яго слоў, пералік аперацый пакуль яшчэ не закрыты.