Беларускія крыптабанкі будуць працаваць з 25 крыптавалютамі

Беларускім крыптабанкам дазволяць працаваць з 25 крыптавалютамі. Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр Ягораў. Сёння ў Нацбанку адбылося пасяджэнне па рэалізацыі ўказа аб крыптабанках.

“Згодна з праектам, прадугледжваюцца як стэйблкоіны, так і класічныя біткоіны, эфір. Каля 25 відаў крыптавалют, якія будуць дазволены да абарачэння. Магчыма, спіс будзе або пашырацца, або звужацца. Але гэта ўсё будзе залежаць у тым ліку ад развіцця рынку крыптавалют, бо кожны дзень з’яўляюцца нейкія новыя валюты, і часта яны вельмі хутка атрымліваюць капіталізацыю”, – цытуе Ягорава SB.by.

Паводле слоў Ягорава, у сярэдзіне красавіка на пасяджэнні Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій плануецца разгледзець дакумент, якім будуць зацверджаны правілы працы з крыптаактывамі, віды аперацый і віды крыптавалют.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!